ЗША абвінавацілі Расею ў прымяненні хімічнай зброі супраць Украіны

Злучаныя Штаты абвінавацілі Расею ў парушэнні міжнароднай забароны на хімічную зброю шляхам ужывання задушлівага агента хлорпікрыну супраць украінскіх войскаў і выкарыстання хімічных сродкаў для барацьбы з масавымі беспарадкамі ў якасці метаду вядзення вайны ва Украіне. Аб гэтым паведамляе «Reuters» са спасылкаю на заяву Дзярждэпартаменту ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

«Выкарыстанне такіх хімікатаў не было адзінкавым выпадкам і, верагодна, абумоўленае імкненнем расейскіх сілаў выцесніць украінскія войскі з умацаваных пазіцыяў і дабіцца тактычных поспехаў на полі бою», – гаворыцца ў заяве Дзярждэпартаменту.

Адзначаецца, што гаворка ідзе пра хлорпікрын, які ўнесены ў спіс забароненых задушлівых рэчываў гаагскай Арганізацыяй за забарону хімічнай зброі (АЗХЗ).

Хлорпікрын уяўляе сабою вадкасць, выпарэнні якой пашкоджваюць скуру і слізістыя, а ў высокіх канцэнтрацыях выклікаюць некантраляваныя канвульсіі цягліцаў дыяфрагмы. Раней гэтае рэчыва ўжывалі нямецкія войскі падчас Першай сусветнай вайны, што сталася адным з першых выпадкаў выкарыстання хімічнай зброі. Падчас такіх хімічных атак салдаты, якія былі ў акопах без газаахоўнікаў, былі вымушаныя бегчы пад агнём суперніка або рызыкавалі задыхнуцца.

У заяве гаворыцца, што ў сувязі з гэтым будуць накладзеныя санкцыі на тры расейскія дзяржаўныя арганізацыі, звязаныя з расейскімі праграмамі для стварэнні хімічнай і біялагічнай зброі, у тым ліку спецыялізаванае вайсковае падраздзяленне, якое «спрыяла ўжыванню» хлорпікрыну супраць украінскіх войскаў.

Пад санкцыі трапілі і чатыры расейскія кампаніі, якія падтрымліваюць гэтыя тры арганізацыі, гаворыцца ў паведамленні.

Асобна Дзяржаўная скарбніца ЗША ўвяла санкцыі ў дачыненні трох арганізацыяў і дзвюх фізічных асобаў, якія ўдзельнічалі ў закупе тавараў для расейскіх вайсковых інстытутаў, што ўдзельнічалі ў праграмах для стварэння хімічнай і біялагічнай зброі.

Акрамя хлорпікрыну, расейскія войскі выкарыстоўваюць на полі бою гранаты са слезагонным газам CS, таксама вядомым як «Сирень», перадае агенцтва «Reuters» са спасылкаю на заявы ўкраінскіх вайскоўцаў.

Слезагонны газ CS у Еўропе нярэдка ўжываецца паліцыяй супраць парушальнікаў парадку на дэманстрацыях, аднак яго выкарыстанне падчас вайны недапушчальнае ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб забароне хімічнай зброі. Хоць газ CS не мае смяротнага ўздзеяння, ён выклікае паніку, якая можа справакаваць салдатаў на тое, каб пакінуць акопы, і тым самым зрабіцца ўразлівымі для звычайных відаў зброі.

Паводле інфармацыі ЗСУ, прынамсі 500 украінскіх салдатаў прайшлі лячэнне ў сувязі з уздзеяннем таксічных рэчываў на іхны арганізм, а адзін з вайскоўцаў загінуў, задыхнуўшыся ад слезагоннага газу.

Пасол РФ у Вашынгтоне Анатоль Антонаў пракаментаваў абвінавачанні ЗША на адрас Расеі. Пра гэта паведамляе Telegram-канал дыпмісіі.

Са словаў дыпламата, амерыканскі «афіцыёз» запісвае самыя разнамасныя захады ў катэгорыю «безальтэрнатыўных» крокаў для супрацьстаяння РФ.

«У тым ліку – абсалютна адыёзныя і нічым не падмацаваныя абвінавачанні на адрас Расейскай Федэрацыі ў выкарыстанні хімічнай зброі», – сказаў ён.

Найгоршы крызіс за два гады ці пастка Ганібала? Тлумачым, што адбываецца на фронце

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны