Невялікія прасоўванні расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 830-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

РСЗА «Град» украінскай арміі. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / X

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў аднайменным раёне х поўначы ад сяла Ліпцы, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск у Чугуеўскім раёне.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» паведамляе, што ініцыятывай на гэтых участках фронту цяпер валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія атакуюць пры падтрымцы цяжкай тэхнікі і артылерыі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» таксама мяркуе, што сітуацыя на кірунку паляпшаецца для ЗСУ, што ва многім звязана з атрыманнем заходняга ўзбраення.

Выданне BILD піша, што ў Ваўчанску ўкраінскія вайскоўцы контратакавалі і адбілі некалькі кварталаў у цэнтры гораду.

Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы цягам содняў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Дружалюбаўка і Неўскае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра заняцце сваімі вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў каля сёлаў Сынькоўка і Стэльмахаўка.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы зноў атакавалі на левым беразе ракі Жарабец каля сяла Церны, але прасунуцца не здолелі.

Агулам на паўночным усходзе Украіны назіраецца змяншэнне наступальнай актыўнасці войскаў РФ, што, імаверна, звязана з перакіданнем іхных рэзерваў на поўнач Харкаўскай вобласці.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе расейцы перыядычна атакуюць на розных участках фронту, імкнучыся выявіць слабыя месцы ў абароне Збройных сілаў. Гэтым разам атакі фіксуюцца побач з сёламі Выемка і Раздолаўка.

Камандаванне РФ піша, што каля апошняга населенага пункту контратакавалі і ўкраінцы.

Зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

На краматорскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр, які расейцы штурмуюць з усходу, а таксама намагаюцца атачыць з флангаў.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што УС РФ расшыраюць зону кантролю з поўня ад сяла Іванаўскае (паўднёвы фланг гораду Часаў Яр).

«Фронтовая птичка» фіксуе прасоўванні расейцаў у ваколіцах гораду на адлегласць да 1,5 кіламетра, але пры гэтым канкрэтнае месца поспеху Узброеных сілаў РФ не згадваецца.

Паводле BILD, на паўночным усходзе ад Часавага Яру расейскія вайскоўцы занялі населены пункт Калінаўка, а таксама перайшлі канал Сівэрскі Данец – Данбас.

У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адмаўляе пераход войскамі РФ каналу, але пры гэтым крыніца фіксуе прасоўванні расейцаў на ўсходзе самога гораду.

Ці можа грамадзянін Беларусі служыць Расеі паводле кантракту? Мінабароны не ведае. Спыталі юрыста

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

У Мінабароны РФ афіцыйна пацвердзілі захоп сяла Уманскае на пакроўскім кірунку, пра што раней пісалі прарасейскія і праўкраінскія крыніцы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што цяпер войскі РФ рухаюцца ў бок населеных пунктаў Карлаўка, Яснабродаўка і Сокал.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на апошнім ўчастку расейцы амаль дайшлі да самога сяла.

На курахаўскім кірунку працягваюцца баі ў населеных пунктах Краснагораўка і Парасковіеўка, але істотных зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

«Офіцер» паведамляе, што ніжэй па фронце ЗСУ адбілі вялікі штурм на ўчастку паміж Новаміхайлаўкай і Вуглядарам, у ходзе чаго было знішчана пяць адзінак тэхнікі праціўніка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На ўрэмаўскім кірунку ідуць баі ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але фронт застаецца нязменным.

Адносна стабільнай застаецца сітуацыя і ў Запарожскай вобласці, дзе баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў.

У Херсонскай вобласці расейцы атакавалі пазіцыі Сілаў абароны Украіны на левым беразе Дняпра побач з сялом Крынкі, але прасунуцца не здолелі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Ці павялічваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны