Беларусам Польшчы зрабілі асобны збор на «Байрактар» для Украіны

Нядаўна ўкраінцы за тры дні сабралі грошы на чатыры «Байрактары». Грошы на беспілотнікі збіраюць і літоўцы, і палякі. Беларусам Польшчы зрабілі асобны збор, у якім паўдзельнічала, сярод іншых, і дырэктарка «Белсату». Але гэта не скасоўвае іншых збораў на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

Турэцкі беспілотнік «Байрактар». Крыніца: commons.wikimedia.org

Польскі журналіст Славомір Серакоўскі запусціў грашовы збор «Купім Байрактар Украіне» на сайце Zrutka.pl: на беспілотнік хочуць сабраць 22,5 млн злотых (5 млн долараў), ужо набралі больш за 2 млн злотых.

Сайт дазваляе збіраць грошы на адну мэту ў розныя скарбонкі, і самая папулярная скарбонка гэтага збору – «Беларусы ў Польшчы купляюць Байрактар для Украіны». Там 51 асоба ўжо ахвяравала сумарна каля 6 тысяч злотых. Гэты збор запусціў польскі журналіст беларускага паходжання Тамаш Суліма. Ахвяраваць у гэтую скарбонку можа хто заўгодна, таксама як любы беларус можа ахвяраваць у іншую скарбонку. Але гэтую зрабілі, каб беларусы маглі наўпрост паказаць сваю салідарнасць з Украінай.

Да гэтага збору заклікала далучыцца дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Яна нагадала на Facebook: літоўцы сабралі за тры дні 6 млн еўра на «Байрактар» для Украіны.

Сабраныя літоўцамі грошы ў выніку пойдуць не на «Байрактар»: турэцкі вытворца беспілотнікаў «Baykar» паабяцаў аддаць дрон бясплатна, і з сабраных літоўцамі грошай 1,5 млн еўраў пойдзе на боепрыпасы, а рэшта – на гуманітарныя, абарончыя і адбудоўчыя праекты ва Украіне.

Таксама не на «Байрактары» пойдуць грошы, сабраныя ўкраінцамі: «Baykar» адказаў і на іхны збор абяцаннем аддаць тры дроны бясплатна. Украінцы сабралі 600 млн грыўняў (20 млн долараў) за тры дні, чаго хапіла б, магчыма, нават не на тры, а аж на чатыры «Байрактары», і цяпер кансультуюцца з Міністэрствам абароны адносна таго, куды эфектыўней скіраваць сабраную суму.

«Працуе «Bayraktar». Збройныя сілы Украіны паведамілі пра знішчэнне двух расейскіх катараў каля Змяінага

«Bayraktar TB2» – турэцкі ўдарны беспілотнік сярэдняй вышыні палёту, што распрацоўваўся з 2007 года і ўпершыню падняўся ў неба ў 2014-м. Апарат можа кіравацца з далёкасці да 150 км і быць у паветры больш чым 24 гадзіны, можа несці дзве супрацьтанкавыя ракеты з лазернай наводкай або чатыры высокадакладныя авіябомбы. Такія беспілотнікі выкарыстоўвае як сама Турцыя, так і Украіна, Польшча, Азербайджан, Кыргызстан, Туркменістан, Катар, Марока, Пакістан ды іншыя.

Рэвалюцыйная асаблівасць «Байрактара» – параўнальна невысокая цана, бо аналагі каштуюць дзясяткі мільёнаў долараў. Эфектыўнасць «Байрактараў» на вайне ва Украіне ацэньваюць па-рознаму, адзначаюць іх уразлівасць адносна сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Але «Байрактарамі» знішчылі ўжо нямала расейскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку караблі, а беспілотнікі сталі ва Украіне мэмам, якому прысвячаюць песні.

Беларусы ў сацсетках разважалі, ці не пачаць збор грошай на «Байрактар» для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Менавіта «Байрактары» беларускім байцам аказаліся не патрэбныя – у іх іншыя задачы. Падтрымаць беларускіх байцоў грашыма можна праз гэты збор на розныя патрэбы, дзе набралі ўжо 147 тысяч еўраў.

А калі хочацца даць грошы беларускім ваярам менавіта на нешта лятучае, то ёсць збор на групу авіявыведкі, дзе сабраць трэба 60 тысяч еўраў.

«Нашая вайна не скончыцца тут». Што казаў беларус-добраахвотнік з Адэсы, які загінуў у аварыі ў Румыніі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату