«Глядзець на яго было балюча». Былая палітзняволеная расказала пра сустрэчу з Ціханоўскім на этапе

Былая палітзняволеная Алеся Буневіч спаткала Сяргея Ціханоўскага на этапе, і, як прызнаецца, не пазнала б яго, «каб не голас і размова пра грошы за канапай». «Сяргей вельмі баявы, хаця і глядзець на яго было балюча», – сказала Буневіч «Нашай ніве».

Сяргей Ціханоўскі на мітынгу каля Камароўскага рынку, дзе ладзілі збор подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнцтва. Менск, Беларусь. 24 траўня 2020 года. Фота: Natalia Fedosenko/TASS

Алеся Буневіч, якая вызвалілася сёлета ў траўні, адседзеўшы крыху больш за 2 гады за «незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы», выпадкова сустрэла Сяргея Ціханоўскага, калі яго этапавалі ў Жодзіна 18 жніўня 2022 года – у дзень народзінаў.

«Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Мусіла нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як “Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!” Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?!» – наракае на сябе Буневіч.

Яна прызналася, што глядзець на Ціханоўскага «было балюча»:

«Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, меў зямлісты колер твару. Каб не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хоць і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я трохі чула. Ён не складае рук».

Палітвязень адбывае тэрмін 19,5 года паводле шэрагу абвінавачванняў. Больш за год родныя не атрымліваюць ад яго аніякіх звестак.

«Падзякую яму, што вытрымаў». Святлана Ціханоўская апавяла, якой будзе сустрэча з мужам пасля яго вызвалення

Тым часам радыё «Свабода» са спасылкаю на крыніцу паведаміла, што іншага палітвязня – праваабаронцу, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага – у красавіку – траўні вярнулі з памяшкання камернага тыпу ў атрад, аднак увага да яго з боку адміністрацыі калоніі «не стала слабейшай».

«Ведаем, што ён зноў ходзіць на працу, на дрэваапрацоўванне. Бывае, што на яго накладаюць спагнанні, пазбавілі перадачаў, бываюць і больш сур’ёзныя пакаранні – неяк сядзеў у штрафным ізалятары», – сказаў неназваны суразмоўца.

Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад родных і сяброў, ніводнага разу ў яго не было відэазванкоў са сваякамі. Толькі зрэдку на волю ад яго даходзяць лісты і паштоўкі.

Выстава ў Еўрапарламенце, прысвечаная Алесю Бяляцкаму. Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Вядома, што ў выніку былой адседкі ў бабруйскай калоніі праблемы са здароўем узніклі і працягваюцца. Як ён іх вырашае, невядома. Але нібыта ў лякарню не трапляў. Дакладна вядома, што яму немагчыма перадаць лекі, значыць, застаецца спадзявацца толькі на тое, што можа атрымаць у медычнай частцы калоніі», – паведаміла крыніца.

Паводле гэтай інфармацыі, Бяляцкі «захоўвае роўны, нармальны настрой, стрыманы ў выказваннях, ацэнкі дае рэалістычныя».

Праваабаронцу пасадзілі на 10 гадоў нібыта за кантрабанду і фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Бяляцкага трымаюць у калоніі ў Горках.

Стан здароўя Алеся Бяляцкага пагаршаецца, яму не перадаюць неабходных лекаў

Звесткі пра яшчэ аднаго палітвязня, Эдуарда Бабарыку, распаўсюдзіла выданне «Зеркало». Паводле неназванай крыніцы, у бабруйскую калонію яго этапавалі ў студзені сёлета. Пасля каранціну Бабарыку-малодшага кінулі ў штрафны ізалятар, а потым – у памяшканне камернага тыпу. Эдуард быў там прынамсі да сярэдзіны вясны. Суразмоўца выдання не выключае, што палітвязень дагэтуль у ПКТ:

«Відаць, яму давалі дысцыплінарныя спагнанні, каб пазней адправіць у турму. У камеры ён сядзеў адзін. Маральны стан, імаверна, быў не вельмі добры».

Пра здароўе палітвязня нічога не вядома.

Эдуарда Бабарыку год таму засудзілі на 8 гадоў зняволення. Днямі ў Бабруйску яго зноў будуць судзіць. Гэтым разам – нібыта за «зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Палітвязню могуць дадаць яшчэ 2 гады.

Вызвалены з калоніі расказаў, як катуюць Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і Анджэя Пачобута

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны