Расейцы павялічваюць колькасць атак на ўсходзе Украіны. Што вядома?

«Белсат» падводзіць вынікі 860-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах сяла Глыбокае. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што на гэтым участку фронту назіраецца станоўчая дынаміка для Збройных сілаў Украіны, якім удаецца знішчаць асабовы склад праціўніка, а таксама не даваць яму праводзіць ратацыю, эвакуяваць параненых і падвозіць правізію. Між тым крыніца адзначае, што расейцы працягваюць наносіць шчыльныя ўдары авіяцыяй, артылерыяй і FPV-дронамі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, таксама ў ваколіцах Глыбокага ЗСУ назапашваюць рэзервы, каб развіць наступ у выпадку прарыву фронту.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў і маюць сустрэчны характар. Украінскія контратакі фіксуюцца на ўсходзе гораду, у гэты ж час расейцы ціснуць на поўначы. Пры гэтым пакуль істотных зменаў лініі сутыкнення не назіраецца.

Пошукава-выратавальная аперацыя пасля ракетнага ўдару па шматпавярховым доме ў Дняпры, Украіна. 29 чэрвеня 2024 года. Крыніца: dsns_telegram / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны, што на купянскім і ліманскім кірунках войскі РФ наступаюць шырокім фронтам у ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Бераставое, Пішчанае, Стэльмахаўка, Грэкаўка, Макееўка, Неўскае і Торскае. Тут цягам апошніх содняў Сілы абароны Украіны адбілі не менш за 30 атак праціўніка.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы ўсё ж прасунуліся каля сёлаў Стэльмахаўка і Макееўка.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» зняпраўджвае ранейшую заяву Міністэрства абароны РФ пра захоп сяла Стэпавая Навасёлаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. Паводле крыніцы, баі ідуць у пасадках паміж Стэпавой Навасёлаўкай і Іванаўкай (пад кантролем РФ).

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На поўдні ад ракі Сівэрскі Данец, паводле ўкраінскага камандавання, Узброеныя сілы РФ ціснуць на так званым сівэрскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Івана-Дар’еўка, Спірнае і Выемка, але поспеху не маюць.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што таксама УС РФ атакуюць з ваколіцаў сяла Раздолаўка ў бок суседняга Пэрэізнага. Нагадаем, што раней былі паведамленні пра пераход пад кантроль войскаў РФ Раздолаўкі (знаходзіцца на поўдні ад гораду Сівэрск).

На краматорскім кірунку баі лакалізуюцца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што тут войскі РФ маюць тактычныя поспехі.

Канал «Два майора» адзначае, што ЗСУ рыхтуюцца да абароны заходняй частцы гораду, выбудоўваючы лінію абароны ўздоўж каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Ніжэй па фронце ідуць баі ў ваколіцах сяла Клішчыеўка (з поўдня ад гораду Бахмут). Большая частка зруйнаванага населенага пункту па-ранейшаму знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

На тарэцкім кірунку паступова ўзрастае інтэнсіўнасць баявых дзеянняў. Тут толькі за апошнія содні Сілы абароны Украіны адбілі прынамсі 28 атак праціўніка каля самога Тарэцку, а таксама ў ваколіцах прылеглых да яго населеных пунктаў Паўночнае, Паўднёвае, Залізнае і Нью-Ёрк.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што ў войскі РФ прасоўваюцца на ўсходзе ад гораду і з поўдня ад сяла Нью-Ёрк.

Адначасова з гэтым расейцы руйнуюць пазіцыі праціўніка цяжкімі авіяцыйнымі бомбамі.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Між тым самым гарачым участкам фронту застаецца пакроўскі кірунак, дзе, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы не менш за 49 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Новааляксандраўка, Ваздвыжанка, Яўгенаўка, Навасёлаўка Першая, Сокал, Восход, Яснабродаўка і Нятайлава.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні УС РФ каля Яўгенаўкі і Невельскага (з поўдня ад Нятайлава).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што на паўночным фланзе кірунку расейцы ціснуць у бок трасы Пакроўск – Канстанцінаўка і паступова прасоўваюцца.

На курахаўскім кірунку атакі Узброеных сілаў РФ адзначаюцца ў ваколіцах Краснагораўкі, Георгіеўкі, Парасковіеўкі і Канстанцінаўкі (сяло), але пакуль лініі сутыкнення застаецца адносна стабільнай.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, войскі РФ атакуюць каля сяла Вадзяное, імкнучыся выйсці да гораду Вуглядар з поўначы.

Таксама працягваюцца баі на так званым урэмаўскім выступе – на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.  Тут ціск ідзе з двух бакоў ад ракі Мокрыя Ялы каля сёлаў Ураджайнае і Макараўка. Пры гэтым варта адзначыць, што згадка апошняга населенага пункту ў зводцы ад Генштабу ЗСУ ўскосна пацвярджае кантроль расейцаў над суседнім Старамаёрскім, якое знаходзіцца на поўдні.

«Рыбарь» піша, што на гэтым жа ўчастку УС РФ прасунуліся.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы наступаюць на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца ўтрымліваць пазіцыі за кошт удараў артылерыі і FPV-дронаў.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі дзевяць разоў атакавалі плацдармы ЗСУ ў рэчышчы Дняпра, але поспеху не дасягнулі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату