На «Чорнай мапе Беларусі» з’явіўся новы пласт пад назвай «Служба безопасности пересидента».
Група беларускіх хакераў «Кіберпартызаны» заявіла аб публікацыі асабовых звестак 1083 супрацоўнікаў Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Дэталяў пра тое, як здабылі гэтыя звесткі, хакеры не раскрылі, але адзначылі:
«Многія з іх, а таксама іхныя сваякі хаваюць інфармацыю аб такім месцы працы».
«Кіберпартызаны» год таму пачалі аперацыю «Спёка», у межах якой былі ўзламаныя аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (АІС) «ДАІ-цэнтр», сістэма АІС «Пашпарт», база звестак службы 102, базы звестак Упраўлення ўласнай бяспекі і Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС… Агулам заяўлялі пра 25 такіх узломаў. Мы праверылі: як мінімум з сістэмы «Пашпарт» хакеры здабылі сапраўдныя і актуальныя звесткі. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне «Кіберпартызаны» абвясцілі аперацыю «Пекла» – серыю кібератак супраць саўдзелу Беларусі ў расейскім нападзе.
Паглядзець, каго хакеры назвалі супрацоўнікамі Службы бяспекі Лукашэнкі, можна на сайце Blackmap.org, ды «Кіберпартызаны» засцерагаюць: з тэрыторыі Беларусі на сайт варта заходзіць толькі з ужываннем VPN.
Раней на «Чорную мапу» нанеслі звесткі пра сілавікоў – ад ГУБАЗіК і САХР да пракурораў і даносчыкаў, а таксама бізнесы, звязаныя з набліжанымі да Лукашэнкі людзьмі. Асобны раздзел – мапа даносаў аб пратэстах з адрасамі тых, хто даносіў у міліцыю на суседзяў і ўрыўкамі з саміх даносаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu