У Варшаве прадстаўнікам палка Каліноўскага перадалі падарункі з нагоды Дня беларускай вайсковай славы, што адзначаецца 8 верасня. Акцыю зладзіла дыяспара ў Бельгіі. Сярод падарункаў – мікрааўтобус, дроны і харчы, паведаміў карэспандэнт «Белсату».
Збор на падарункі зладзіла беларуская дыяспара ў Бельгіі. Кіраўнік Беларуска-еўрапейскага задзіночання, якое знаходзіцца ў Антвэрпэне, Зміцер Піменаў прызнаў, што гэтым разам сабраць грошы было складана, «можа, людзі стаміліся, а можа, сезон адпачынкаў».
Пры гэтым сродкі прыходзілі і з Партугаліі, і з Вялікай Брытаніі, таксама дапамагалі ўкраінцы, якія жывуць у Бельгіі.
Прадстаўнікам палка Каліноўскага перадалі мікрааўтобус, дроны і акумулятары да іх. Таксама сярод падарункаў – сродкі гігіены, вітаміны, шакалад і пратэінавыя батончыкі – тое, што трэба на фронце. Маюцца і пакеты з харчамі, якія не патрабуюць захоўвання ў лядоўні. А ад беларусаў Нідэрландаў – у дадатак да ўсяго яшчэ і дзіцячыя малюнкі для ваяроў.
Хуткім часам аўтамабіль паедзе ва Украіну. Ужо там кіраўніцтва вызначыць, на якія патрэбы і ў якія месцы на фронце яго лепей накіраваць. Гэта ўжо трэці мікрааўтобус для ваяроў ад беларускай дыяспары ў Бельгіі.
Зміцер Піменаў дапамагаў украінскім ваярам з 2014 года. Калі пачалася актыўная фаза вайны і з’явілася беларускае фармаванне – на той момант батальён Каліноўскага, – стаў дапамагаць яму. Цягам першых трох месяцаў беларусы Бельгіі адправілі ва Украіну мікрааўтобус з амуніцыяй, прыборамі начнога бачання, шаломамі, абуткам.