Майкл Карпэнтэр: «Не бачу падмурку для дыялогу з рэжымам Лукашэнкі»

Амбасадар ЗША пры Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе Майкл Карпэнтэр даў інтэрв’ю журналісту «Белсату» Ігару Кулею. Прыводзім тэкставую версію. Паглядзець відэа можна па спасылцы.

Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 26 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Вітаю, спадару амбасадару, дзякуй за гэтую магчымасць задаць вам некалькі пытанняў. Я хацеў бы пачаць з аднаго з найбольш важных пытанняў цяпер. Расея праводзіць рэферэндум на акупаваных тэрыторыях. Зразумела, што ніводная з дэмакратычных краінаў ва ўсім свеце не прызнае ягоных вынікаў, але для Расеі гэта, бадай, не мае значэння. Якім будзе адказ ЗША на такія дзеі Крамля?

–  Тое, што мы бачым – гэта адчайная спроба Крамля захаваць дэ-юрэ нейкае падабенства легітымнасці анексійных планаў у той час, калі Збройныя сілы Украіны выштурхоўваюць расейцаў са сваіх тэрыторыяў, вызваляючы сваю зямлю. Менавіта таму Крэмль і намагаецца інсцэнізаваць гэтую апрыёры фальшывую бутафорыю пад назвай «галасаванне». Мы бачым, што людзі галасуюць літаральна пад пісталетам – у кухнях, на вуліцах; працаўнікоў прымушаюць галасаваць пад пагрозаю страты працы. І гэта пры тым, што насельніцтва гэтых тэрыторый было папярэдне «зачышчанае» шляхам паветраных бамбаванняў і прымусовага перасялення грамадзянаў у Расею. Дапушчэнне, што пры ўсім гэтым можна правесці законнае галасаванне, проста абсурднае. Таму гэта проста адчайны крок з іх боку. Што да ЗША, то мы ніколі – паўтаруся, ніколі – не прызнаем гэтай фальшывай імітацыі выбарчага працэсу.

Але я ўжо казаў, што Расеі няважна, прызнае нехта гэтую анексію ці не. Якім будзе адказ ЗША, нейкія рэальныя дзеі?

– Рэальныя дзеі з боку ЗША будуць такімі, што мы гатовыя падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца – мы казалі гэта раней, і прэзідэнт таксама гэта падкрэсліваў. Мы ўжо далі на ваенную дапамогу Украіне 15 мільярдаў долараў – і гэтыя лічбы будуць расці. Мы будзем і далей даваць украінцам сродкі для абароны іхных гарадоў, паселішчаў, іхнай краіны ад гэтай агрэсіі. Мы бачым, што ўкраінцы паспяхова адціскаюць расейцаў назад і вызваляюць усё больш тэрыторыяў. І нашае падтрыманне будзе працягвацца далей.

«Нам давядзецца перагледзець усю аснову еўрапейскай бяспекі». Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр пра рэакцыю Захаду на вайну

Расейскія чыноўнікі кажуць, што калі Украіна паспрабуе вызваліць гэтыя тэрыторыі пасля завяршэння рэферэндуму, яны могуць нават выкарыстаць ядравую зброю. На вашую думку, ці пойдуць яны на гэта?

–  Я не ведаю. Але скажу наступнае: такога кшталту рыторыка вельмі небяспечная і безадказная, бо вядзе да ўсё большай эскалацыі напругі. У пачатку года краіны «ядравае пяцёркі» выступілі з супольнай заявай, у якой гаворыцца, што ядравая вайна ніколі не мае быць распачатай, бо ў ёй не можа быць пераможцаў. І Расея, дарэчы, падпісала тую заяву. Таму цяпер гэткая рыторыка проста непрымальная, гэта верх безадказнасці.

 Джон Саліван у Вашынгтоне сказаў, што калі Расея наважыцца скарыстаць ядравую зброю, наступствы для яе будуць катастрафічнымі. Мне здаецца, што гэтая рыторыка падобная на тую, што выкарыстоўвалася да нападу Расеі на Украіну. Тыя ж словы – «катастрафічныя наступствы». То якая розніца паміж гэтымі выказваннямі? Мы бачым, што праз паўгода з пачатку вайны ў Расеі няма ніякай катастрофы. Так, праблемы ёсць, але катастрофа?..

– Я мяркую, што рашэнне напасці на Украіну акурат і сталася для Расеі катастрафічным. Паглядзіце, што зрабілася з расейскай эканомікай цягам сямі месяцаў вайны. Больш чым тысяча міжнародных кампаніяў пайшлі з Расеі. Аб’ёмы прамысловай вытворчасці рэзка ўпалі. А колькі сярод расейцаў забітых і параненых? У нас няма дакладных лічбаў, але паводле нашых падлікаў яны ўжо перавышаюць страты Расеі падчас доўгай вайны ў Афганістане – а мы гаворым толькі пра сем месяцаў вайны. Таму я сапраўды думаю, што наступствы для Расеі катастрафічныя. Але ядравая зброя – гэта абсалютнае табу, пра якое мы казалі дзесяцігоддзямі. Гэта нават у галаве не ўкладаецца, гэткія пагрозы парушаюць усе табу ў міжнародных адносінах. І таму так – адказ будзе куды больш жорсткім.

Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе, падчас размовы з Ігарам Кулеем. 26 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Аляксандр Лукашэнка паляцеў на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Некаторыя кажуць, што ён можа прызнаць вынікі рэферэндуму. Калі ён гэта зробіць, якім будзе адказ у бок беларускага рэжыму?

– Мяркую, гэтае рашэнне стане вельмі непапулярным сярод беларускага народу, бо беларусы ў большасці сваёй выступаюць супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь была тэатрам ваенных дзеянняў для дзвюх арміяў і ў выніку моцна пацярпела; беларусы таксама актыўна дзеялі ў партызанскім руху, баронячы сваю зямлю. Таму яны добра разумеюць, што адбываецца, і гэткае рашэнне не сустрэла б падтрымання. Але, на вялікі жаль, Лукашэнка ставіць свае асабістыя інтарэсы вышэй за суверэннасць нацыі. Вядома, не мне вызначаць, што было б у інтарэсах Беларусі, але абарона суверэнітэту і цэласнасці заўжды мусіць быць у прыярытэце.

Ці можна было б, напрыклад, чакаць нейкіх санкцыяў?

– Па-першае, усё гэта гіпатэтычна, давайце пачакаем, што будзе. Я не ўпэўнены, што ён зробіць гэты крок. Як я сказаў, гэта было б вельмі непапулярным рашэннем. Але калі зробіць, я ўпэўнены, што наступствы будуць жорсткімі: і ў выглядзе як санкцыяў, так і іншых захадаў.

Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 26 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

– Пры якіх умовах ЗША могуць пачаць дыялог з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі?

– Глядзіце, цяпер нашым прыярытэтам ёсць надзейны дыялог з лідарамі дэмакратычных сілаў унутры Беларусі і з тымі, хто паходзіць з Беларусі. Нядаўна адбылася кансалідацыя ў дэмакратычных сілах. І мы амаль у штодзённым дыялогу з імі, вызначаем, як можна ўзмацніць іх пазіцыі. І як можна мірным, я падкрэслю гэтае слова, мірным шляхам прыйсці да пераменаў у Беларусі. Калі казаць пра рэжым, як вы ведаеце, ён хаўруснічае ў агрэсіі супраць Украіны і не падае ніякіх прыкметаў імкнення да зменаў сваёй палітыкі адносна вайны. У будучыні, вядома, мы можам быць адкрытымі да размоваў, але цяпер я не бачу ніякага падмурку для дыялогу.

– Ці вы ведаеце Паўла Латушку з кабінету Святланы Ціханоўскай?

– Так, я знаёмы з усімі прадстаўнікамі каманды Ціханоўскай і вельмі высокай думкі пра іх.

– У нашай студыі ён сказаў, што нядаўняе вызваленне з турмы журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча было часткай нейкай угоды паміж рэжымам Лукашэнкі і ЗША.

– Я не ведаю пра ўгоду, але мы вітаем вызваленне любога беларускага палітвязня, а цяпер іх у Беларусі больш за 1300 – гэта ашаламляльная колькасць. Мы вітаем гэтыя вызваленні, мне здаецца, некалькі асобаў былі вызваленыя. Гэта пазітыўны крок, але гэта кропля ў акіяне тых людзей, якія цярпяць штодня. У тым ліку лідары дэмакратычнага руху – Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі і шмат хто яшчэ, хто застаецца за кратамі. Мы вітаем гэтыя вызваленні, але хочам бачыць нашмат болей.

Майкл Карпэнтэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе, падчас размовы з Ігарам Кулеем. 26 верасня 2022 года. Варшава, Польшча. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Але што Лукашэнка атрымае ўзамен? Ён вызваляе палітвязняў, а ЗША?..

– Гэта не сітуацыя ўгоды, гэта прынцыповая пазіцыя Злучаных Штатаў: палітвязні мусяць быць вызваленыя. Мы імкнёмся падтрымліваць сувязі з беларускім народам, мы лічым гэта вельмі важным – запэўніць, што Захад і ЗША інвестуюць у іх будучыню, і гэта так і ёсць. І мы працягнем гэта рабіць.

Ці чакаць нам выхаду на свабоду наступных журналістаў радыё «Свабода» (мне здаецца, яшчэ двое з іх застаюцца за кратамі), а таксама грамадзяніна ЗША Зянковіча?

– Так, Ігар Лосік усё яшчэ за кратамі. Я не буду цяпер прадказваць, што адбудзецца ў будучыні. Але, паўтаруся, Маскоўскі механізм АБСЕ, паводле якога рабілася справаздача наконт Беларусі ў 2020 годзе, дае вельмі канкрэтны спіс рэкамендацыяў, што мусіць адбыцца. Выхад на свабоду ўсіх палітвязняў, адмова ад гвалту супраць грамадзянскай супольнасці і правядзенне новых сапраўдных і сумленных выбараў – усё гэта ў тым спісе, і мы не бачым, каб нешта з яго было выкананым.

Каб праясніць сітуацыю: ніякага гандлю з Лукашэнкам на прадмет палітвязняў не адбываецца?

– Не ведаю, пра які від гандлю вы кажаце. Паўтаруся, мы вітаем вызваленне тых некалькіх асобаў, хто нарэшце зноў можа быць на волі, але ў турме па-ранейшаму застаецца больш чым 1300 палітвязняў.

Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ці могуць ЗША прызнаць Святлану Ціханоўскую і Пераходны кабінет прадстаўнікамі Беларусі? Бо цяпер яны не ёсць яе законнымі прадстаўнікамі. Святлана Ціханоўская наведала Генеральную асамблею ААН у Нью-Ёрку, але ў складзе іншай дэлегацыі – здаецца, эстонскай. Ці магчыма, каб ЗША прызналі беларускую апазіцыю законнымі прадстаўнікамі краіны, каб тыя наведвалі афіцыйныя сустрэчы з поўным правам, каб забраць манаполію на гэта ў рэжыму Лукашэнкі?

– Гэта юрыдычна складанае пытанне. Мы прызнаём Святлану Ціханоўскую лідаркаю беларускіх дэмакратычных сілаў. Каб адбылася мірная перадача ўлады, мусяць адбыцца новыя выбары. І зноў – гэта той шлях, што быў акрэслены ў справаздачы АБСЕ і да якога настойліва заклікаюць ЗША: правядзенне новых, свабодных і справядлівых выбараў. Святлана Ціханоўская паказала вельмі добры вынік на мінулых выбарах, але ён быў у яе падступна скрадзены. І гэта той шлях, што дазволіць займець законных прадстаўнікоў, з якімі мы зможам весці справы ў рамках міжнародных арганізацыяў.

Дзякуй за вашыя адказы, спадару амбасадару.

–  Шчыры дзякуй за запрашэнне.

belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны