Не больш за €5 тысяч. Літва ўстанавіла абмежаванне наяўных разлікаў

У Літве з 1 лістапада набыло моц абмежаванне наяўных разлікаў. Наяўнымі можна будзе аплачваць тавары і паслугі на суму не больш за €5 тысяч, калі вышэй – трэба будзе зрабіць банкаўскі перавод. Аб гэтым паведамляе партал «Delfi». 

Фота: АВ / Белсат

Аднак і пасля ўвядзення абмежавання наяўны разлік будзе дапушчальны ў сітуацыі, калі напрыклад, у адного з бакоў здзелкі няма банкаўскага рахунку, неабходна хутка заплаціць, не працуе інтэрнэт альбо ў іншых выпадках. Аб гэтым абодвум бакам здзелкі неабходна будзе праінфармаваць Дзяржаўную падатковую інспекцыю Літвы.

Ігнараванне абмежавання будзе мець наступствы: кампанія будзе прызнаная не адпаведнай мінімальным крытэрам добранадзейнага падаткаплацельшчыка і год не зможа ўдзельнічаць у дзяржзакупах, а фізічная асоба больш не зможа абгрунтоўваць крыніцы набыцця маёмасці і атрымання даходаў. Апроч таго парушальнікам пагражае штраф, памер якога ў залежнасці ад сумы незаконнага плацяжу складзе ад €100 да €4 тысяч.

Па дадзеных Цэнтрабанку Літвы, 97% усіх плацяжоў складаюць менш за €5 тысячаў, а 92% – да €1250. Літоўская служба па расследаванні фінансавых злачынстваў кажа, што на рынку нерухомасці наяўныя разлікі складаюць каля 26% ад усіх плацяжоў.

Колькі каштуе медыцына ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве і Грузіі? 

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны