«Вы ніколі не зможаце быць дастаткова заклапочанымі»: Латушка заклікаў Захад узмацніць санкцыі

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнік Пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Павел Латушка заклікаў Захад яшчэ больш узмацніць санкцыі супраць беларускага рэжыму, якія будуць здольныя паралізаваць сістэму.

Павел Латушка, кіраўнік НАУ і сябра прэзідыуму КР, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года. Фота: Белсат

Павел Латушка падкрэсліў, што санкцыі павінны ўводзіцца па прынцыпе прыналежнасці да дзяржапарату і дзяржструктур. Таксама важна, каб былі заведзены публічныя адкрытыя крымінальныя справы на Лукашэнку і ягоных памагатых, сказаў Латушка.

«Вы ніколі не зможаце быць дастаткова заклапочанымі, каб спыніць вайну ва Украіне і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Глыбокая заклапочанасць нічога не мяняе і ніколі не мяняла. У Беларусі ёсць такі выраз: «Дна няма». Мы выкарыстоўваем яго, калі ў краіне адбываецца штосьці, што яшчэ ўчора было неймаверна, калі чарговыя дзеянні Лукашэнкі даказваюць, што жорсткасці, вар’яцтву, цынізму рэжыму Лукашэнкі проста няма мяжы. Пачуйце мяне: сёння ў Беларусі дна няма», – заявіў Латушка.

На яго думку, няздольнасць вырашыць праблему з Лукашэнкам у 2020 годзе прывяла да таго, што ў 2022 Уладзімір Пуцін змог выкарыстаць яго для акупацыі Беларусі і ўварвання ва Украіну. «Без Лукашэнкі ніякай вайны магло б і не быць».

Таксама Латушка адзначыў, што Лукашэнка з’яўляецца часткай глабальнай праблемы, якая ўзнікла менавіта таму, што гэтая частка выклікала больш выразаў заклапочанасці, чым рэальных дзеянняў. «Санкцыі прымаліся марудна, з затрымкамі, з выключэннямі. Дыпламатычныя адносіны не былі цалкам разарваныя. Супраць рэжыму не ўзбуджаліся крымінальныя справы, хаця механізм універсальнай юрысдыкцыі гэта дазваляў», – дадаў ён.

«Мы зноў рызыкуем паўтарыць сітуацыю 2020 года, калі беларусам, якія пратэстуюць, трэба было дапамагчы не словамі глыбокай заклапочанасці, а магутным знешнім ціскам на рэжым – і калі гэты момант быў выпушчаны. Я не хачу перакладаць адказнасць з беларускага народу на вонкавыя сілы. Не здымаю адказнасць з сябе, з Аб’яднанага пераходнага кабінета. Але хачу нагадаць, што праблема Лукашэнкі ўжо даўно перарасла межы Беларусі. І зараз гэта наша агульная адказнасць», – заявіў кіраўнік НАУ.

Паводле яго слоў, Лукашэнка – гэта менавіта тое «слабое месца глабальнай праблемы, выдаліўшы якое, можна паскорыць крах імперскіх амбіцый Расеі. І гэта менавіта той прыклад, калі замест прафілактыкі, патрэбна хірургічнае ўмяшанне. У свету ёсць усе неабходныя прылады. Засталося толькі выкарыстоўваць іх».

Латушка таксама дадаў, што можа быць, пазбавіўшы Пуціна ягонага саюзніка і беларускага плацдарму, можна будзе дапамагчы Украіне перамагчы значна хутчэй.

«Патрэбны парасон NATO». Як не даць Расеі здзейсніць пераварот у Малдове і не пускаць туды расейскія ракеты

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны