Якія страты зазналі расейская армія, ЗСУ і цывільнае насельніцтва з пачатку вайны

Абодва бакі вайны неахвотна дзеляцца інфармацыяй пра колькасць загінулых і параненых, дый давер да афіцыйных звестак не заўсёды мае падставы. Каб адказаць на пытанне пра чалавечыя страты бакоў сярод вайскоўцаў і мірных жыхароў на дзявятым месяцы поўнамаштабнай вайны Расеі і Украіны, belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю на гэты конт. 

Страты расейскай арміі

З пачатку ўварвання Міністэрства абароны Расеі ўсяго тройчы агучвала свае страты. 2 сакавіка ў ведамстве казалі пра 498, а 25 сакавіка – пра 1351 забітага расейскага вайскоўца. Пасля гэтага цягам шасці месяцаў расейскі бок наагул ніякіх лікаў не называў. Гэтае маўчанне ў Маскве тлумачылі тым, што Расея нібыта «практычна перастала зазнаваць страты». Але ў звязку з абвяшчэннем мабілізацыі міністр абароны Сяргей Шайгу ўсё ж быў вымушаны выказацца наконт баявых стратаў: 21 верасня ён заявіў, што ва Украіне загінулі 5937 расейскіх жаўнераў. Пры гэтым мабілізаваць пастанавілі 300 тысячаў чалавек – у 50 разоў больш за прызнаныя страты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат

Давяраць афіцыйным лічбам няма ніякіх падставаў. Журналісты выданняў Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 21 кастрычніка здолелі высветліць імёны 7822 загінулых расейскіх вайскоўцаў (больш за 1200 з іх – афіцэры). Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах, то бок сабраныя даныя могуць лічыцца толькі мінімальнай ацэнкай узроўню стратаў. У «Conflict Intelligence Team» (CIT), напрыклад, лічаць, што рэальныя страты мусяць у 2–3 разы перавышаць тыя, што можна пацвердзіць адкрытымі крыніцамі. Аналітык CIT Кірыл Міхайлаў яшчэ 22 ліпеня казаў, што 15 тысячаў – гэта, імаверна, мінімальная ацэнка колькасці загінулых.

Выданне «Важные истории» са спасылкаю на свае крыніцы ў спецслужбах РФ паведамляла 12 кастрычніка, што незваротныя страты расейскай арміі ва Украіне склалі больш за 90 тысячаў. Аднак незваротныя страты – гэта не толькі загінулыя, але таксама зніклыя без вестак і тыя, хто атрымаў раненні, не сумяшчальныя з вайсковаю службаю.

У жніўні ў абаронным ведамстве ЗША заявілі са спасылкаю на выведку, што ва Украіне загінулі і атрымалі раненні 70–80 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Варта памятаць, што ёсць заканамернасць для любых ваенных канфліктаў: колькасць параненых заўсёды перавышае колькасць забітых у некалькі разоў (найчасцей сустракаецца прапорцыя 1 да 3–4). Па ацэнцы эксперта Цэнтру вайскова-марскога аналізу Майкла Кофмана, падчас вайны ва Украіне на кожнага загінулага расейскага вайскоўцаў прыпадае 3,5 параненага. Таму, калі звесткі Пэнтагону адпавядаюць рэчаіснасці, Расея мусіла страціць забітымі прыблізна 20–23 тысячы чалавек.

Ацэнкі ЗША амаль супадаюць з ацэнкамі Вялікай Брытаніі. Брытанскі міністр абароны Бэн Ўоліс у верасні заявіў, што агульныя страты пуцінскай арміі перавышаюць 80 тысячаў, прычым прыблізна 25 тысячаў з іх загінулі.

Паводле ацэнак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на дзень 2 лістапада Расея страціла каля 73 370 асобаў. «Белсат» раней ужо звяртаў увагу на тое, што большасць медыяў выкарыстоўваюць панятак «страцілі» са зводак Генштабу як сінонім слова «загінулі», хаця нельга выключаць, што ў афіцыйную статыстыку камандавання трапляюць і іншыя незваротныя страты праціўніка.

Блеф пад Херсонам, пекла ў Бахмуце і «лінія Вагнэра». Тлумачым, што цяпер адбываецца на фронце

Страты Збройных сілаў Украіны

У сярэдзіне красавіка прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю CNN ацаніў украінскія страты ў 2,5–3 тысячы чалавек. Яшчэ каля 10 тысячаў атрымалі раненні. Пасля гэтага, у траўні, назіраўся пік стратаў ЗСУ. Паводле міністра абароны Аляксея Рэзнікава, тады праз вялізарную перавагу Расеі ў артылерыі штодня гінулі да 100 украінскіх байцоў, яшчэ 300–400 атрымлівалі раненні. То бок толькі за адзін месяц Украіна магла страціць каля 3 тысячаў байцоў забітымі і 9–12 тысячаў параненымі.

Улетку інтэнсіўнасць баявых стратаў значна знізілася. Уладзімір Зяленскі 22 ліпеня заявіў, што цяпер на фронце штодня гінуць каля 30 чалавек, а каля 250 атрымліваюць раненні.

22 жніўня галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны казаў, што на вайне загінулі «амаль 9 тысяч герояў». 23 верасня намесніца міністра абароны Ганна Маляр заявіла, што загінулі ўжо больш за 9 тысячаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы нясуць труну з целам пабраціма, загінулага падчас баёў з расейскімі войскамі ў Ізюме. Кіеў, Украіна. 18 верасня 2022 года. Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Няма ўпэўненасці ў тым, што прадстаўнікі Мінабароны Украіны называюць абсалютна дакладныя звесткі. Тая ж Маляр раней падкрэслівала, што даныя пра страты Украіны ў вайне засакрэцілі, каб вораг не мог скарыстаць іх ва ўласных мэтах. «Лік загінулых застаецца дзяржаўнаю таямніцаю на час ваеннага становішча», – адзначала яна ў ліпені. Але таксама няма ніякіх падставаў казаць, што ў афіцыйных заявах Кіеў іх моцна заніжае.

У чэрвені дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч двойчы паведамляў, што агулам з пачатку канфлікту ўкраінская армія страціла каля 10 тысячаў забітымі і каля 30 тысячаў параненымі.

У пачатку верасня кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў арміі ЗША Марк Мілі казаў, што Украіна страціла «тысячы, дзясяткі тысячаў забітымі і параненымі». Заявам украінскіх уладаў гэта не супярэчыць.

Акрамя таго, варта ўлічваць яшчэ адну катэгорыю стратаў – палонныя. Віцэ-прэм’ерка Ірына Вэрэшчук 25 верасня заяўляла, што ў палоне застаюцца каля 2,5 тысяч украінцаў. Праўда, у агульны лік былі залучаныя не толькі вайскоўцы, але і цывільныя. Да таго ў кастрычніку адбылося некалькі абменаў.

Украіна вызваліла з расейскага палону 108 жанчын у межах абмену

Страты цывільнага насельніцтва

Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін 31 кастрычніка заявіў пра гібель 7938 цывільных, з іх 430 – дзеці:

«Але падкрэслю: гэта толькі афіцыйныя, пацверджаныя звесткі, якія ёсць у матэрыялах крымінальных справаў».

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на 24 кастрычніка заяўляла пра 6374 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Сярод іх 2488 мужчынаў, 1700 жанчын, 167 дзяўчатак і 201 хлопчык (полу 34 дзяцей і 1784 дарослых пакуль не ўдалося вызначыць). Яшчэ 9776 мірных жыхароў, паводле падлікаў ААН, былі параненыя.

Але звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя – іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку, што прызнаюць самі аўтары. Даныя па некаторых раёнах, дзе ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеянні, затрымліваюцца. У прыватнасці гэта датычыць, напрыклад, такіх мясцовасцяў, як Марыупаль, Ізюм, Севераданецк, Лісічанск і Папасная.

Якраз там, імаверна, цывільнае насельніцтва зазнала найбольшыя страты. Толькі ў Марыупалі ў выніку аблогі ды амаль трохмесячных баёў, паводле мясцовых уладаў, маглі загінуць каля 22 тысячаў мірных жыхароў.

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату