Штам о-мікрон. Што трэба ведаць беларусам і што рабіць кожнаму

Галоўныя парады застаюцца ранейшымі: вакцынавацца, насіць маскі, трымаць сацыяльную дыстанцыю. Новы штам можа прынесці як кепскія навіны, так і нечакана добрыя, але ў чаканні навінаў важна не заразіцца ды не памерці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pedro Fiuza / Zuma Press / Forum

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) 26 лістапада назвала варыянт B.1.1.529 віруса SARS-CoV-2 штамам, які выклікае занепакоенасць (variant of concern), і дзеля зручнасці пастанавіла называць гэты штам грэцкаю літарай о-мікрон.

«Белсат» пераказвае, што стала вядома за тыдзень са з’яўлення жарту пра тое, што «вакцынавацца трэба, каб не давялося вучыць увесь грэцкі алфавіт з COVID-19».

Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах

Гэта ўсё пераважна здагадкі і прагнозы. Пакуль ёсць толькі папярэднія ацэнкі заразлівасці штаму, цяжкасці сімптомаў хваробы, імавернасці смерці і ўстойлівасці віруса да вакцынаў. Цягам бліжэйшых тыдняў карціна можа стаць больш дакладнай, але даследаванні будуць трываць месяцамі: яшчэ не ўсё вядома і пра найбольш распаўсюджаны цяпер штам дэльта, выяўлены ў Індыі ў кастрычніку 2020 года.

О-мікрон ужо распаўсюдзіўся. Штам упершыню выявілі ў Паўднёвай Афрыцы (першы выпадак выявілі 8 лістапада), і ў Еўропу ён трапіў, падобна, яшчэ да «афіцыйнага абвяшчэння». На дзень 1 снежня першыя (адзінкавыя) выпадкі выявілі ўжо і ў палове Еўропы, у ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аўстраліі, Японіі. На момант публікацыі новы штам яшчэ не выявілі ў Беларусі і ўсіх суседніх з ёй краінах. Хоць палёты ў Беларусь вельмі абмежаваныя, дарога ў Беларусь для о-мікрона адкрытая праз Расею, краіны СНД і Блізкага Усходу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Andriy Andriyenko / Zuma Press / Forum

Некаторыя краіны цалкам закрылі межы. Ізраіль, Кітай і Японія часова перасталі пускаць да сябе замежнікаў, Марока перастала прымаць авіярэйсы з усіх краінаў. Расея, Польшча, Нямеччына, Францыя, Вялікая Брытанія, Італія, Турэччына, ЗША, Канада ды іншыя пастанавілі не пускаць замежных грамадзянаў, якія прылятаюць з шэрагу афрыканскіх краінаў. Наўрад ці гэта перадухіліць распаўсюд новага штаму, але прынамсі запаволіць яго.

САЗ: каронавірус мутаваў надзвычай хутка

О-мікрон адрозніваецца ад дэльты мноствам мутацыяў. Вірусы пастаянна мутуюць – выжываюць і размнажаюцца найбольш «эфектыўныя» мутацыі. Да о-мікрона навукоўцы назіралі за яшчэ 27 штамамі, адрознымі ад пачатковага. Але менавіта о-мікрон непакоіць навукоўцаў праз найбольшую колькасць мутацыяў сярод штамаў: толькі ў спайк-пратэіну 32 мутацыі, і некаторыя з іх ужо вядомыя падвышэннем устойлівасці да антыцелаў і большаю заразлівасцю. Навукоўцы выказваюць здагадку, што такі штам мог утварыцца ў арганізмах з паслабленым імунітэтам (напрыклад, у хворых на СНІД), дзе меў час эвалюцыянаваць.

Новы штам больш заразны. О-мікрон хутка выцясняе штам дэльта ў Паўднёвай Афрыцы – там ужо тры чвэрці геномаў віруса, секвенаваных у мінулым месяцы, былі ад штаму о-мікрон. З 20-х дзён лістапада ў Паўднёвай Афрыцы назіраюць хвалю заражэнняў: у першай палове лістапада выяўлялі 300–400 выпадкаў COVID-19 на дзень, то 1 снежня – ужо больш за 8500. У Францыі, напрыклад, прагназуюць, што о-мікрон стане дамінаваць па краіне пад канец студзеня. Але дакладнай статыстыкі заразлівасці яшчэ няма.

Новы штам каронавірусу больш небяспечны. Ці вытрымае беларуская сістэма аховы здароўя?

Не выключана, што штам менш смертаносны. Яшчэ рана казаць пра гэта ўпэўнена, але ёсць надзея: пакуль што ў Паўднёвай Афрыцы бачылі даволі лёгкія сімптомы COVID-19 у інфікаваных штамам о-мікрон. Смерцяў сярод інфікаваных о-мікронам яшчэ не зафіксавалі. Але WHO засцерагае: першыя выпадкі былі выяўленыя сярод маладзёнаў, якія і так звычайна лягчэй пераносяць COVID-19, дый сур’ёзныя сімптомы могуць развіцца яшчэ праз некалькі тыдняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Вакцыны, здаецца, працуюць. Навукоўцы з Паўднёвай Афрыкі кажуць, што о-мікрон пазбягае імуннай рэакцыі толькі часткова, але не зусім. Падобна, гэта можа амаль не закрануць здольнасці вакцынаў бараніць ад цяжкага цячэння хваробы і смерці. Першыя даследаванні ў Ізраілі паказваюць, што эфектыўнасць наяўных вакцынаў нязначна меншая супраць штаму о-мікрон, чым супраць ранейшых штамаў. Прадстаўнік кампаніі «BioNTech» (якая ў супрацы з «Pfizer» распрацавала самую запатрабаваную вакцыну ад каронавіруса) кажа, што іх вакцына, падобна, мусіць даваць добрую абарону ад шпіталізацыі ды смерці і пры о-мікроне. Але кіраўнік кампаніі «Moderna» не мае такога аптымізму. Над «абнаўленнем» вакцынаў ужо працуюць.

Маскі і сацыяльная дыстанцыя працуюць. Новы штам, хоць і больш заразны пры траплянні ў арганізм, наўрад ці лепей абыходзіць штучныя бар’еры і разлятаецца далей ад хворага. Маскі і сацыяльная дыстанцыя 1,5–2 метры ўсё яшчэ эфектыўныя, хаця магчыма, што ўжо ў меншай ступені.

Тры лекі, якія могуць стаць ратункам ад каронавіруса

Што з лекамі, няясна. Панацэі ад COVID-19 усё яшчэ няма – ёсць толькі лекаванне асобных сімптомаў і некалькі лекаў, якія падаюць надзеі. Сярод апошніх часта называюць набор монакланальных антыцелаў REGEN-COV, але яго распрацоўнікі хвалююцца, што наяўныя лекі будуць менш эфектыўнымі супраць новага штаму. Але распрацоўнікі падобнага прэпарату «GlaxoSmithKline» (сатравімаб) кажуць, што іхныя лекі маюць быць эфектыўныя, бо распрацоўваліся з улікам магчымых мутацыяў віруса. Як вакцыны, так і лекі тэарэтычна могуць адаптаваць да новага штаму.

Што далей: добры і кепскія сцэнары. Разважаюць так: калі о-мікрон акажацца больш заразным і менш смертаносным за дэльту, то яно і лепей – ён выцесніць больш небяспечны штам, менш людзей памрэ. Але арганізм можа выпрацоўваць менш антыцелаў супраць больш «мяккага» штаму і застацца без надзейнага імунітэту пасля хваробы. Дый няма гарантыяў, што о-мікрон будзе больш бяспечным за дэльту ці што выцесніць дэльту, а таксама што вакцыны будуць дастаткова добра бараніць ад о-мікрона, а лекі – працаваць супраць новага штаму. Можа быць і так, што пры распаўсюдзе слабейшага штаму вірус урэшце мутуе ў больш небяспечны варыянт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum

Гэта ўсё было прадказальна. Вірусы мутуюць, гэта не сюрпрыз. Працуе натуральны адбор. Той жа вірус грыпу – «новы» кожны сезон. Чым менш людзей маюць імунітэт ад каронавіруса, тым больш у віруса «прасторы» для мутацыяў. Афрыка – прадказальнае месца для з’яўлення новых штамаў, бо ў абсалютнай большасці краінаў Афрыкі вакцынацыя правалілася, а на поўдні Афрыкі яшчэ і бяда праз ВІЧ і СНІД. Але мутацыі вірусу могуць адбывацца і ў краінах, дзе прышчэпленая большая частка насельніцтва – да калектыўнага імунітэту яшчэ далёка. Зусім не выключана, што наступны штам з’явіцца ў Беларусі, дзе ўзровень вакцынацыі вельмі нізкі, недавер да навукі высокі, а дзяржава не прымае практычна ніякіх антывірусных захадаў.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны