На сайце Палка ім. Кастуся Каліноўскага з’явіўся пералік дакументаў, якія прынялі ўдзельнікі канферэнцыі нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі «Шлях да волі», якая праходзіла ў Кіеве 29-30 лістапада.
Па выніках канферэнцыі былі прынятыя наступныя дакументы:
Праца над Мемарандумам i Адозвай да вольных народаў свету арганізатарамі канферэнцыі, а менавіта Палком імя Кастуся Каліноўскага, Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай радай і рухам «Вольная Беларусь» праходзіла на працягу 2 месяцаў перад канферэнцыяй. Вынікам сумеснай працы розных беларускіх арганізацыяў і структураў стала распрацоўка гэтых двух дакументаў.
Акрамя арганізатараў канферэнцыі, да падпісання дакументаў далучыўся шэраг іншых беларускіх грамадска-палітычных структураў, а менавіта Партыя БНФ, Рух беларускіх нацыяналістаў, BYPOL, BelPol, Моладзевы блок, грамадска-палітычнае аб’яднанне «Нацыянальна-дэмакратычная платформа», Асацыяцыя палітвязняў Беларусі.
Мемарандум па выніках канферэнцыі i Адозва да вольных народаў свету адкрытыя для падпісання іншымі беларускімі грамадскімі і палітычнымі структурамі. Полк Каліноўскага заклікае арганізацыі, якія падзяляюць агучаныя ў дакументах пазіцыі і хочуць далучыцца да іх рэалізацыі, падпісаць іх. Дзеля гэтага трэба спампаваць дакументы на сайце, падпісаць іх і выслаць ужо падпісаныя на электронную пошту: foundation.kalinousky@gmail.com.
Пачынаючы з 15 снежня 2023 года з прадстаўнікоў арганізацыяў, якія падпісаліся пад дакументамі, будуць створаныя працоўныя групы, якія пачнуць працу па розных кірунках.
Канферэнцыя «Шлях да волі», ініцыяваная фондам Кастуся Каліноўскага, праходзіла ў Кіеве 29-30 лістапада. На яе сабраліся больш за 100 беларускіх грамадскіх актывістаў i добраахвотнікаў. На мерапрыемстве разглядалася агульная стратэгія прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху і фармавалася кансультацыйная пляцоўка для рэалізацыі гэтай стратэгіі. Тут наш рэпартаж з канферэнцыі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu