Першая падзея ў Кіеве ў 2023 годзе – новы паветраны налёт

Апошні дзень 2022-га кіяўляне правялі пад гукі расейскіх ракетаў, а першыя содні новага года — пад рокат матораў іранскіх беспілотнікаў арміі РФ. Нягледзячы на «віншаванні» з суседняй краіны, гараджане, як і ў мірны час, стаялі ў чэргах у супермаркетах і займаліся іншымі святочнымі клопатамі. Пра тое, як новы, 2023 год сустракаў Кіеў, – у рэпартажы «Вот так».

Людзі сабраліся каля навагодняй яліны на Сафійскай плошчы ў Кіеве. Падсвятленне гірляндаў адбываецца за кошт працы генератара, імі ўпрыгожаны толькі адзін бок. Кіеў, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Раніца 31 снежня пачалася для кіяўлянаў з прыемных навінаў: сітуацыя ў энергетыцы кантралюецца, так што адключэнняў святла не планавалася. Шмат хто адклаў паход па прадукты для святочных страваў бліжэй да Новага года – у выпадку новых атак набытая загадзя ежа магла папросту сапсавацца.

Перад святамі мэрыя зарганізавала сельскагаспадарчыя кірмашы, дзе харчы можна купіць танней. Ва ўмовах сталага росту коштаў гэта немалаважна.

Кіяўляне купляюць прадукты на сельскагаспадарчым кірмашы. У пераднавагодні тыдзень такія кірмашы з’явіліся ў шмат якіх месцах гораду. Кіеў, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

У першай палове дня ў аддзеле кулінарыі аднаго з супермаркетаў узнікла доўгая чарга. Замаўлялі ў асноўным аліўе, селядзец пад футрам і крабавы салат, карыстаўся попытам пячоначны торт.

Чакаючы ў чарзе, маладая пара абмяркоўвала планы на дзень. «Прыйду дадому – і адразу ў душ, мыць галаву», – казала дзяўчына хлопцу, асцерагаючыся чарговага абстрэлу і, як следства, вымыкання святла. Вельмі хутка за 500 метраў ад гэтага супермаркету расейская ракета пацэліць у будынак гатэлю.

Будынак гатэлю ў Кіеве, які пацярпеў у выніку ракетнага абстрэлу. Кіеў, Украіна. 31 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Грукат выбухаў над Кіевам пачуўся каля 14:00. У неба ўзнялося мноства птушак, задрыжэла зямля, завыла сігналізацыя дзясяткаў аўтаў. Да гэтага маштабная ракетная атака была ўсяго пару дзён таму. У навагоднія святы Расея ўзмацніла абстрэлы.

Напярэдадні Новага года Расея выпусціла некалькі серыяў ракетаў па тэрыторыі Украіны. У сталіцы ў выніку абстрэлу загінуў 1 чалавек і мінімум 20 былі параненыя. Кіеў, Украіна. 31 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Адзін за адным адбываліся залпы СПА. У небе з’явілася невялікая, колеру кавы з малаком, пасма дыму – адну з ракетаў збілі. Відаць, супрацьпаветраная абарона сталіцы сапраўды мацнее і хутка набывае баявы досвед.

Украінскае вайсковае кіраўніцтва заўсёды па выніках паветраных атак заяўляе, што вялікая частка расейскіх ракетаў збітая. Даць справаздачу, вядома, можна як заўгодна, але ёсць факт: пасля навагодніх удараў кіеўская гарадская энергасістэма працягнула функцыянаваць, маштабных экстраных вымыканняў у сталіцы не было. А слабымі гэтыя ўдары назваць нельга – такога інтэнсіўнага грукату Кіеў яшчэ не чуў за ўвесь час вайны.

Хуткая дапамога каля гатэлю, па якім быў нанесены ракетны ўдар у Кіеве, Украіна. 31 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Але страты горад усё роўна зазнаў. Будынак гатэлю «Alfavito», у які пацэліла ракета, разрэзаны як кардонная скрынка. Вакол груды абломкаў завіхаліся работнікі ратавальных службаў і журналісты. Карэспандэнты старанна фатаграфавалі на вулічных флагштоках сцягі Украіны і Еўразвязу, каб фонам быў разбураны будынак.

Будынак гатэлю ў Кіеве, які пацярпеў у выніку ракетнага абстрэлу. Кіеў, Украіна. 31 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

«Alfavito» месціцца ў цэнтры гораду, непадалёк ад Палацу спорту. Гараджане паспешліва ідуць паўз абломкі па сваіх пераднавагодніх справах. Людзі навучыліся жыць на вайне, з вайною.

Гараджане праходзяць паўз сотню сцяжкоў, дзе напісаныя пазыўныя загінулых байцоў, на Майдане незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Пасля заканчэння паветранай трывогі, якая доўжылася амаль тры з паловаю гадзіны, кіяўляне скіраваліся ў госці да сяброў або сваякоў, некаторыя пайшлі ў бары і рэстараны. «А мы наагул з кампаніяй знялі бамбасховішча і будзем там святкаваць. Раней гэта памяшканне было кўэст-пакоем, а цяпер выкарыстоўваецца як сховішча. Так што там будзе не толькі бяспечна, але і весела», — падзяліўся сваймі планамі Віталь, які зайшоў пасля ракетнай атакі выпіць келіх шампанскага ў адзін з бараў.

Дзеці разглядаюць выставу разбітай расейскай вайсковай тэхнікі на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Увечары 31 снежня ад Хрэшчатыку да Бэсарабкі з Майданам асаблівай святочнай эйфарыі не адчувалася. Але і засмучэння і дэпрэсіі, зрэшты, таксама. Горад дзелавіты і засяроджаны. Зноў адкрыліся дзве цэнтральныя станцыі кіеўскага метрапалітэну – «Хрэшчатык» і «Майдан незалежнасці». Яны не функцыянавалі з мінулага лютага. Здавалася б, дробязь, але гараджане ўспрымаюць гэта як яшчэ адну станоўчую змену.

Сталічныя ўлады пасля доўгіх роздумаў і грамадскіх дыскусіяў пастанавілі ўсё ж паставіць навагоднюю ялінку ў традыцыйным месцы – на Сафійскай плошчы. З 2015 года кожны снежань на гэтай плошчы быў пышным святам: агні ілюмінацыі, навагодні кірмаш, дым ад велізарных катлоў з глінтвейнам.

У гэты пераднавагодні вечар плошча патанала ў цемры. Званіцу Сафіі не падсвятлілі дзеля захавання светлавога маскавання, помнік Багдану Хмяльніцкаму накрылі драўлянымі шчытамі і мяшкамі з пяском. Навагодняя ялінка аскетычна невялікая, штучная, з жоўтымі і сінімі шарыкамі. Але менавіта гэтая ялінка нязломнасці ўвойдзе ў гісторыю.

Людзі фатаграфуюцца на фоне навагодняй ялінкі на Сафійскай плошчы ў Кіеве, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

А 23:00 у горадзе апусцелі вуліцы – наступіла каменданцкая гадзіна, але некаторыя бары і рэстараны працягвалі працу. Праўда, пакінуць установы наведнікі не маглі да 5:00. У адным з адчыненых уначы бараў у цэнтры Кіева транслявалі навагоднюю прамову Уладзіміра Зяленскага. Гледзячы на экран, усе наведнікі маўчалі, але частка не стрымлівала слёзаў. Архіўныя кадры вайны, паказаныя ў звароце Зяленскага, прымусілі людзей перажыць год уварвання зноў.

Людзі сабраліся каля навагодняй ялінкі на Сафійскай плошчы ў Кіеве. Падсвятленне гірляндаў адбываецца за кошт працы генератара, імі ўпрыгожаны толькі адзін бок. Кіеў, Украіна. 30 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Першая падзея ў Кіеве ў 2023-м неўзабаве пасля наступлення новага года, – новы паветраны налёт. Гэтым разам горад атакавалі іранскія дроны «Shahed 136». Апошнім часам гэта ўпадабаная тактыка РФ: удзень наносіць ракетныя ўдары, а наступнаю ноччу запускаць беспілотнікі. Тое ж было і пры ўдарах 29 снежня.

Будынак гатэлю ў Кіеве, які пацярпеў у выніку ракетнага абстрэлу. Кіеў, Украіна. 31 снежня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Вот Так / Белсат

Калі начны горад зноў скаланулі выбухі, а неба асвяцілася выбліскамі, з вокнаў і з гаўбцоў дамоў паўсюль пачуліся крыкі «Слава Украіне!». Запалохаць гэтых людзей дакладна не ўдасца.

Раман Папкоў, Уладзімір Левашоў / АА vot-tak.tv

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны