ЗСУ паведамілі пра новы ўдар па расейскіх вайскоўцах. Загінулых і параненых – каля 500

Генштаб ЗСУ ў сённяшняй справаздачы паведаміў пра абстрэл 31 снежня згуртавання расейскіх вайскоўцаў у Херсонскай вобласці. У выніку каля 500 асобаў былі забітыя ці параненыя.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook

«Праціўнік працягвае несці страты», – гаворыцца ў справаздачы Генштабу Збройных сілаў Украіны ад 3 студзеня. У паведамленні згадваецца ўдар па жывой сіле і вайсковай тэхніцы непадалёк вёскі Чулакоўка Херсонскай вобласці. Гэтая атака адбылася 31 снежня. Каля 500 вайскоўцаў былі забітыя або параненыя.

Таксама паведамляецца пра агнявое паражэнне 1 студзеня «асабовага складу расейскіх акупантаў у раёне населенага пункту Фэдараўка Херсонскай вобласці». У гэтым выпадку колькасць загінулых удакладняецца.

1 студзеня сталася вядома пра абстрэл з сістэмаў HIMERS будынку ў акупаванай Макееўцы Данецкай вобласці, дзе дыслакаваліся расейскія вайскоўцы. Дакладны лік забітых невядомы: у ЗСУ казалі, што гэта можа быць да 400 асобаў, у Міністэрстве абароны РФ сцвярджаюць, што загінулі 63 вайскоўцы.

Тым часам амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ў сваёй справаздачы піша, што расейскае Міністэрства абароны спрабуе перакласці віну за абстрэл базы ў Макееўцы на кіраўнікоў «ДНР» і саміх мабілізаваных. У інфармацыйнай прасторы пачалі гучаць заклікі пакараць тых, хто вырашыў выкарыстоўваць будынак навучальнай установы ў якасці базы, а таксама патрабаванні аб адстаўцы кіраўніка «ДНР» Дзяніса Пушыліна.

Паводле версіі акупацыйных уладаў, украінцы нанеслі дакладны ўдар дзякуючы радыёэлектроннай выведцы, пабачыўшы актыўнасць сотавай сувязі і месцазнаходжанне абанентаў: расейскія вайскоўцы масава карысталіся мабільнымі тэлефонамі.

Знішчэнне расейскай вайсковай базы ў Макееўцы. Вядомыя падрабязнасці

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны