Валер Кавалеўскі адказаў еўрадэпутату наконт непрызнання пашпарта новай Беларусі

Еўрадэпутат ад Літвы і пастаянны дакладчык аб Беларусі Пятрас Аўштравічус заявіў у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі» заявіў, што яму «цяжка ўявіць, што ў хуткім часе можна спадзявацца на прызнанне» пашпарта «новай Беларусі», хоць сама ідэя яму падабаецца. На заяву Аўштравічуса адказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Праект пашпарту Аб’яднанага пераходнага кабінету. Выява: Belarus-passport.com

Свае засцярогі наконт прызнання пашпарта новай Беларусі Пятрас Аўштравічус звязвае з тым, што для ўвядзення пашпарта адсутнічаюць такія элементы, як «суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць для гэтага дакументу».

«Я ўпэўнены, што з юрыдычнага гледзішча і ўсіх іншых фактараў, якія вядуць да прызнання таго ці іншага пашпарта, адсутнічае шмат розных складнікаў, у тым ліку – суверэнітэт і тэрытарыяльнасць для гэтага дакументу», – сказаў еўрадэпутат.

На ягоную думку, калі асобная краіна Захаду захоча прызнаць такі пашпарт, яна павінна будзе ўлічыць шматлікія аспекты, якія на цяперашні момант недапрацаваныя.

«Сама ідэя мне вельмі падабаецца, і я хацеў бы прызнаць гэты пашпарт яшчэ ўчора. Але паколькі няма выразнага адказу аб ягоным суверэнітэце, вельмі цяжка ўявіць, што ў хуткім часе можна спадзявацца на прызнанне такога пашпарта. Я сам гаварыў з дыпламатамі, з кіраўнікамі апазіцыйнага руху і думаю, што трэба ісці больш практычным шляхам – выдачы дакументаў для просьбітаў палітычнага прытулку», – падкрэсліў Аўштравічус.

Выданне «Позірк» звярнулася да прадстаўніка ў замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Валера Кавалеўскага з просьбай пракаментаваць заяву Аўштравічуса.

Паводле яго, падставаў для прызнання пашпарта «новай Беларусі» больш, чым дастаткова, і Кавалеўскі адзначае, што дэмсілы прапаноўваюць рашэнне, здольнае «захаваць суб’ектнасць беларускага народу, а гэта акурат і ёсць асновай суверэнітэту».

«Што датычыць тэрытарыяльнай прыналежнасці, то ёсць пашпарты Мальтыйскага ордэну, які не валодае сваёй тэрыторыяй, ёсць пашпарты, якія выдаюцца міжнароднымі арганізацыямі. Аднак яны прызнаюцца многімі краінамі, у тым ліку і Літвой», – пракаментаваў Валер Кавалеўскі.

Нагадаем, што ў лістападзе 2023 года Святлана Ціханоўская паведаміла, што Аб’яднаны пераходны кабінет купляе матэрыялы, неабходныя на вытворчасць першых узораў пашпарта. Праект новага нацыянальнага пашпарта быў анансаваны прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінету ў жніўні 2023 года падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны