Схлусіць не ўдасца. Вядомых беларусаў правяраюць на дэтэктары хлусні

У эфір «Белсату» вяртаецца праграма «Шчыра кажучы». Аўтары праграмы зноў шукаюць праўду – і цяпер ім дапамагае дэтэктар хлусні.

Пасярод выбарчай кампаніі 2020 года мы запускалі «Шчыра кажучы» ў падобным фармаце, але ўжо праз месяц рабіць праграму ў такім выглядзе было немагчыма. Цяпер надышоў час аднавіць праект.

Здымка новага сезону праграмы «Шчыра кажучы». Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Я вельмі доўга круціла гэтую ідэю, і мне не давалі спакою думкі пра паліграф. Мне здавалася, што мы можам зрабіць гэтую праграму якасна і крута. Цяпер мы ў Польшчы – тут больш магчымасцяў, чым у Беларусі.

Не трэба баяцца, што нешта здарыцца з працаўніком паліграфу, што хтосьці кагосьці затрымае і гэтак далей. Нам падалася гэтая задума добрай, і мы ўзяліся за яе рэалізацыю», – кажа рэдактарка праграмы Ганна Галёта.

Здымка праходзіць доўга, бо працэс правярання на паліграфе даволі складаны, а каманда адказна ставіцца да кожнага этапу. Тэст праводзіць паліграфолаг, чалец польскага аддзялення Асацыяцыі паліграфолагаў Украіны, беларус Віталь Савюк.

«Маёй прынцыповай просьбаю было стварэнне адпаведных умоваў для тэстаў. Таксама, нягледзячы на тое што ў праекце бяруць удзел медыйныя асобы, вынікі мусяць быць паказаныя ў праграме без цэнзуры», – кажа адмысловец.

Паліграфолаг правярае госця праграмы на дэтэктары хлусні, адначасова іншы спецыяліст апрацоўвае вынікі онлайн. Падчас даследавання акрамя Віталя і госця праграмы ў студыі няма нікога, нават аператараў – кожны пабочны раздражняльнік можа паўплываць на вынікі тэсту. Прылада адначасова рэгіструе некалькі рэакцыяў арганізму: дыханне, потавыдзяленне, ціск, дрыгаценне і г. д. Аналізуючы гэтыя звесткі, паліграфолаг робіць выснову: хлусіў чалавек або не. Пры выкананні ўсіх параметраў правярання падмануць паліграф практычна немагчыма.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

Пазней вынікі тэсту перадаюць вядоўцы праграмы Арыне Маліноўскай, і пасля перапынку яна запрашае госця на размову.

«Мне важна, каб чалавеку было камфортна. Калі ён схлусіў, каб патлумачыў – чаму. Гэта момант даверу. Мы бачым, як чалавек сапраўды раскрываецца падчас размовы, мы чуем ягоную гісторыю, бачым ягоныя эмоцыі, ягоную гатовасць размаўляць», – тлумачыць Арына Маліноўская.

Аўтары кажуць, што не хочуць рабіць з праграмы нечага жаўтушнага, праграма мусіць адпавядаць назве. Каб гэта сапраўды было «Шчыра кажучы» – каб была шчырая размова.

«Мы ўжо на першых нашых гасцях бачым, што яны самі праўдзіва адказваюць на пытанні, на якія я сама, падаецца, ніколі б не адказала. Для мяне, напрыклад, наш першы госць Аляксандр Кныровіч быў папросту публічнай асобай, бізнесоўцам, які адседзеў турэмны тэрмін. Пасля запісу ён для мяне Чалавечышча з вялікай літары, цяпер я ягоная фанатка», – з усмешкаю кажа Ганна.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

«А вось калі чалавек будзе адкрыта хлусіць, то мы прыціснем яго да сцяны. Але ж пакуль усё было дастаткова сумленна», – дадае вядоўца Арына Маліноўская.

Перад здымкай герою акрэсліваюць тэму размовы, але дакладных пытанняў ён загадзя не ведае.

«Мы ўдакладняем, ці гатовы чалавек размаўляць на нейкую тэму: напрыклад, пра асабістае жыццё. Калі не гатовы, то мы не будзем лезці да яго ў ложак», – запэўніваюць стваральнікі праграмы.

Не заўсёды лёгка знайсці публічных асобаў, якія пагодзяцца на такі эксперымент. Аўтары разумеюць, што той, каму ёсць што хаваць, наўрад ці прыйдзе да іх. Нягледзячы на гэта, ужо створаны спіс асобаў, якіх яны хацелі б бачыць у студыі.

«Я магу сказаць, што ў гэтым спісе ёсць і Павел Латушка, ад якога мы пакуль чакаем адказу, і Франак Вячорка, якому ўжо прапанавалі і які, здаецца, не супраць да нас прыехаць, – распавядае Ганна Галёта. – Таксама вядзем перамовы з Сяргеем Чалым».

Аўтары не хочуць засяроджвацца выключна на палітычных дзеячах і запрашаюць узяць удзел у праграме актораў, журналістаў, выканаўцаў і іншых вядомых беларусам асобаў.

Фота: Саша Альтэр / Белсат

Праграма будзе выходзіць у сераду, раз на два тыдні. Першае выданне з Аляксандрам Кныровічам глядзіце 8 лютага на YT-канале «Belsat News».

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны