«Беларускі Гаюн»: пашкоджаны А-50 з Мачулішчаў ляцеў на рамонт у Расею на мінімальнай вышыні

Пашкоджаны беларускімі партызанамі ў Мачулішчах пад Менскам самалёт дальняй выведкі і навядзення ДРЛА А-50У перамяшчаўся на рамонтнае прадпрыемства на тэрыторыі Расеі на мінімальнай вышыні. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Тым часам калегі з выдання «Зеркало» атрымалі пацверджанне: самалёт дакладна цяпер на рамонце ў Таганрогу.

А-50У з бартавым нумарам 43 пералятае з Мачулішчаў у Таганрог на авіярамонтны завод. Скрыншот з відэа канала Мінабароны: Telegram / modmilby

Назіральнікі групы «Беларускі Гаюн» паведамілі 3 сакавіка некаторыя дэталі палёту самалёта дальняга радыёлакацыйнага выяўлення і навядзення А-50У з Мачулішчаў пад Менскам на рамонтнае прадпрыемства ў Расеі: ён ляцеў нетыпова нізка для такіх самалётаў, што ёсць сведчаннем характару атрыманых пашкоджанняў. Апроч таго ёсць звесткі, што самалёт перад адпраўкай на авіярамонтны завод пільна рамантавалі проста на аэрадроме, відаць, маскавалі пашкоджанні і ўмацоўвалі канструкцыю.

Паведамляецца, што «ДРЛА А-50У ПКС РФ (RF-50608), які мог атрымаць некаторыя пашкоджанні пры інцыдэнце ў Мачулішчах 26 лютага», 2 сакавіка а 11:24 узляцеў з аэрадрому Мачулішчы і, паводле дадзеных маніторынгавай групы, накіраваўся на 325-ы авіяцыйны рамонтны завод у расейскім Таганрогу.

«Адлятаючы з Беларусі, ДРЛА ішоў на нізкай вышыні да 4 км. Прычына ў тым, што вышыня ад 3 да 4 тыс. метраў лічыцца бяспечнай для экіпажу ў выпадку разгерметызацыі ў палёце. Гэта нягледзячы на тое, што борт ДРЛА абсталяваны аварыйнай сістэмай падачы кіслароду», – адзначае «Беларускі Гаюн».

Паведамляецца таксама, што разам з А-50У з Беларусі ў Таганрог паляцеў і Ан-26 ПКС РФ. На думку назіральнікаў, гэта дадаткова пацвярджае, што 26 лютага ў Беларусь прылятала рамонтная брыгада з Іванава, а 28 лютага таксама прыляцелі рамонтнікі з Таганрогу, «якія разам латалі борт 4 дні, і затым з А-50У паляцелі ў Таганрог».

«Паводле версіі ж прапаганды, самалёт адправіўся на аблёт дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь. Як бачым, «аблёт» працягваецца ўжо больш за 25 гадзінаў, пры тым, што максімальная працягласць палёту гэтага судна без дазапраўкі – 9,3 гадзіны», – удакладняюць назіральнікі «Гаюна».

Маніторынгавая група таксама зафіксавала змены ў палётах МіГ-31К ПКС РФ з аэрадрому ў Мачулішчах у адсутнасці ДРЛА А-50У. 3 сакавіка названы знішчальнік узляцеў а 09:00 і прызямліўся а 11:01, яго суправаджаў іншы знішчальнік з аэрадрому ў Баранавічах. Але без удзелу самалёта дальняга выяўлення і навядзення А-50У знізілася імавернасць запуску гіпергукавых аэрабалістычных ракетаў «Кінжал» з МіГ-31К.

Калі ДРЛА А-50У не быў пашкоджаны і заставаўся ў Беларусі, то займаўся «сканаваннем» поўначы Украіны, каб выяўляць працу сродкаў СПА і авіяцыі ў паветры. Такая інфармацыя дазваляла экіпажу МіГ-31К і каманднаму пункту на зямлі выяўляць найбольш зручны момант для запуску ракеты ў абыход СПА Украіны, каб пазбегнуць збіцця знішчальніка і ракеты.

Пацверджана: А-50У з Мачулішчаў цяпер у Таганрогу

Журналісты з выдання «Зеркало» атрымалі пацверджанне, што самалёт з Мачулішчаў дакладна цяпер на рамонце на «Таганрогскім авіяцыйным навукова-тэхнічным комплексе імя Г. М. Берыева». У яго склад уваходзіць 325-ы авіяцыйны рамонты завод, дзе займаюцца аднаўленнем гэткай тэхнікі. Апроч таго, завод імя Берыева – распрацоўнік усёй радыётэхнічнай сістэмы «Чмель», якая непасрэдна і выкарыстоўваецца для пераўтварэння Іл-76 у ДРЛА А-50У. Журналістка праз тэлефон выдала сябе за працаўніцу беларускага аэрадрому ў Мачулішчах і ёй пацвердзілі ў размове, што самалёт з бартавым нумарам 43 прыляцеў на рамонт 2 сакавіка.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны