Аляксандр Азараў аналізуе прычыны серыі гучных правалаў спецслужбаў Аляксандра Лукашэнкі

«Нам нельга расслабляцца», – кажа Лукашэнка ў той час, калі бравае КДБ ловіць свайго ж супрацоўніка ў парыку, над Мачулішчамі яшчэ нядаўна дроны партызанаў атакавалі расейскі вайсковы самалёт, а ў Польшчы спецслужбы затрымалі небывалую ў гісторыі групу расейскіх агентаў, сярод якіх трое маюць пашпарты Рэспублікі Беларусь. Сістэма бяспекі рэжыму Лукашэнкі развальваецца? Пра гэта інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Аляксандрам Азаравым, кіраўніком ініцыятывы BYPOL ды прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытанні ўзнаўлення законнасці і правапарадку ў праграме «ПраСвет».

Сяргей Пеляса: Віншую вас са справаю раскрыцця тэрарыстаў. Я такога не памятаю – мне здаецца, гэта вялікі поспех «ByPol», які не да канца яшчэ ўсе зразумелі.

Аляксандр Азараў: Магчыма.

Чаму правалілася містыфікацыя спецслужбаў Лукашэнкі? Чаму так хутка зразумелі, што нешта не тое?

Гэта добрая праца нашых супрацоўнікаў. Штогод нібыта рыхтуюць тэракт пад Дзень Волі. Паглядзець год, два, тры таму – мы бачым, што Лукашэнка рыхтаваў нібыта тэракт. Яны прыдумалі аўтамабіль, які прарываўся з Украіны са зброяй. Мы выкрылі, што супрацоўнік КДБ сядзеў за стырном і потым знік. Яго ніхто не прыцягваў да адказнасці.

Тут таксама дзіўны выпадак. Нам званілі журналісты і пыталі, што за страляніна ў Горадні. Мы нічога не планавалі рабіць у Горадні – мы пачалі разбірацца, паразмаўлялі з людзьмі ў краіне. Яны сказалі нам, што гэта інсцэнізацыя КДБ. Адмыслова прыехалі аператыўнікі з Віцебску, яны гэта планавалі і запісвалі перад Днём Волі, каб запужаць беларускі народ, каб ніхто не выходзіў і баяўся тэрактаў.

Лукашэнка быў у Хатыні, дзе адказваў на пытанні пра Мачулішчы і тэрарыстаў у Горадні. Яго спыталі, ці бяспечна ў Беларусі, ён адказаў: «Нам разнявольвацца не трэба. Не дай Бог, сітуацыя схіліцца ў нейкі бок – заходнікі імгненна выкарыстаюць гэта супраць нас. Гэта галоўнае цяпер». Што ён мае на ўвазе – якая сітуацыя? Што Пуцін пачне прайграваць у вайне, і гэта аслабіць самога Лукашэнку? Заходнікі возьмуць на прыцэл рэжым?

Я думаю, тут дзве сітуацыі. Першая – вядома, Украіна. Мы бачым, што ў расейцаў недастаткова сілаў, каб захапіць Украіну. Усе ведаюць, што ўкраінцы фактычна перамаглі. Толькі час застаўся, калі яны выганяць акупацыйныя войскі за мяжу і падпішуць дамову аб патрабаванні, каб расейцы кампенсавалі ўсе выдаткі, якія нанеслі падчас вайны. Украіна таксама кажа, што хутка пойдзе ў наступ. Лукашэнка часта размаўляе з Пуціным і ездзіць туды, ягоныя генералы размаўляюць з расейскімі, і яны ведаюць, што, магчыма, будзе пералом у вайне. Захад выказаў падтрыманне і зброю цяжкую дае, нават самалёты.Па-другое, акцыя з самалётам, якую здзейснілі беларускія партызаны. Лукашэнка ведае дакладна, што гэта былі беларускія партызаны, і ён разумее, што тут ёсць ужо два ворагі. Свае партызаны, якіх, ён думаў, задушыў, а яны зноў з’явіліся. І Украіна выйграе ў вайне. Ён задумаўся, што рабіць і куды падзецца.

Ён абсалютна сур’ёзна ў Хатыні (і раней ва ўсіх дэталях) распавядае пра аперацыю, нейкія новыя падрабязнасці дадае з ліквідацыяй тэрарыста ў Горадні. З вашага досведу – ён рэальна верыць у такія містыфікацыі, ці тое прафесійная хлусня?

Я думаю, гэта прафесійная хлусня. Мы ведаем, што Лукашэнка заўсёды хлусіць, – і робіць гэта прафесійна. Ён, можа, ужо сам не адрознівае, што хлусня, а што не. У Беларусі цяпер таталітарны рэжым. Там ніякі сілавік, нават Церцель, не можа падумаць, каб нешта зрабіць без ведама Лукашэнкі. Бо ён адразу знікне, як у 1990-я гады, дарогаю на працу, і ніхто не будзе ведаць, куды ён падзеўся. Церцель раіўся з Лукашэнкам пра гэтую правакацыю, і Лукашэнка ўсё дакладна ведае. Яны рыхтавалі аперацыю некалькі месяцаў, мо нават паўгода. Яны цяпер паказваюць, што ў Магілёў ездзяць, усю краіну ахапілі сваімі фільмамі і, магчыма, будуць здымаць серыял.

Лукашэнка казаў пра Зяленскага, што, маўляў, прэзідэнт не можа не ведаць пра такія аперацыі. Ён прагаварыўся, што сам ведае. Церцель, Карпянкоў, самыя галоўныя сілавікі ў ягоным атачэнні – якая там цяпер атмасфера? У Карпянкова нейкая манія, ён увесь час стварае новыя аддзелы спецназу, нейкі «Беркут», да гэтага батальён ветэранаў часткі ўнутраных войскаў «Смерч». Што за манія – ён атачае сябе лаяльнымі сілавікамі на выпадак чагосьці? Ці ён узмацняецца на фоне КДБ Церцеля?

Я не думаю, што ён насамрэч стварае гэтыя падраздзяленні, пра якія Карпянкоў заяўляе. Яны паказваюць гэта толькі ў навінах. Паказваюць дзейных супрацоўнікаў, напрыклад, вайсковай часткі 3214, якія займаюцца, і кажуць, што гэта новае падраздзяленне «Смерч». Не было ніякай новай інфармацыі, што стварылі новую частку, – што ёсць тэрыторыя, дзе яны займаюцца, выдаткі дзяржава нясе. Толькі паказваюць прапагандысцкія фільмы, што яны нібыта стварылі. Мы хацелі даведацца, ці напраўду існуюць гэтыя часткі. Мы размаўлялі з былымі супрацоўнікамі, якія служылі ў такіх падраздзяленнях. Яны кажуць, што гэта ўсё створана толькі на паперы.

Аперацыя з ліквідацыяй нібыта тэрарыстаў у Горадні стала чарговым этапам правалу сілавікоў ці спецслужбаў Лукашэнкі. Першая была атака дронамі беларускіх партызанаў на расейскі самалёт у Мачулішчах. Яе не ўдалося перадухіліць. Два – гэта затрыманне цэлай групы расейскіх агентаў у Польшчы, сярод якіх трое грамадзянаў Беларусі. Трэці правал – містыфікацыя, якая мела быць поспехам. Цэлая серыя правалаў. Пра што гэта сведчыць – прафесійная непрыдатнасць?

Гэта сведчыць пра тое, што ідзе дэградацыя сілавых структураў у Беларусі. Пасля 2020 года шмат сумленных супрацоўнікаў з досведам працы пазвальняліся. Ужо няма каму вучыць моладзь. Моладзі шмат набралі, якая не ўмее працаваць. Але ж яны добра займаюцца прапагандай і здымаюць добрыя фільмы, якія будуць паказваць на беларускім тэлебачанні. Людзі, якія не глядзяць YouTube, незалежныя каналы інфармацыі, будуць верыць гэтаму. Я думаю, на гэта якраз і накіравана: на людзей сталага ўзросту, якія на кухні глядзяць тэлевізар.

Пасля такой няўдалай аперацыі на што яны могуць пайсці і што зрабіць, каб паспрабаваць рэабілітавацца ў сваіх жа вачах, вачах чыноўнікаў? Чыноўнікі ж таксама чытаюць і смяюцца з Церцеля. Што яны могуць зрабіць, каб вярнуць рэпутацыю хаця б ва ўласных вачах?

Якраз прачытаў цікавы каментар пад нашым пастом. Там было напісана: каб рэабілітавацца, ім трэба забіць гэтага супрацоўніка КДБ і арганізаваць ягонае пахаванне і паказаць па тэлебачанні.

Працяг інтэрв’ю глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны