Дэпартамент міграцыі Літвы распавёў, колькі ў краіне беларусаў і чаму рост іх колькасці запаволіўся

Найбольшая колькасць замежнікаў з відам на жыхарства ў Літве – украінцы, але іх колькасць змяншаецца. Радзей сталі прыязджаць у Літву і беларусы. Адначасова павялічваецца колькасць прыбылых з Сярэдняй Азіі, распавяла дырэктарка літоўскага Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце.

Літоўскі дазвол на жыхарства. Крыніца: ovisah.ru

«У красавіку будзе відаць, што грамадзянаў Украіны ў нас стала менш, таму што некаторыя не прыехалі аднаўляць дазволы, яны фізічна пакінулі Літву», – сказала Гудзінскайце.

Паводле яе, калі на пачатку гэтага года ў Літве было больш за 86 тысяч грамадзянаў Украіны, то ў канцы сакавіка – крыху больш за 74 тысячы.

«Беларусы – на другім месцы, іх колькасць пакуль павялічваецца, але ў апошнія месяцы рост меншы. Гэта звязана з больш жорсткімі праверкамі, якія мы праводзім, і з тым, што працадаўцы пераарыентуюцца на іншыя краіны», – сказала дырэктарка Дэпартаменту міграцыі.

У Літве на канец сакавіка 2024 года пражывалі амаль 63 тысячы беларусаў з дазволам на жыхарства ў краіне. У параўнанні з 1 студзеня мінулага года колькасць беларускіх грамадзянаў у Літве павялічылася амаль на 29 %.

Літва не плануе высылаць мужа Вольгі Карач. Што кажа адвакат?

Колькасць грамадзянаў Расеі ў Літве застаецца стабільная – крыху больш за 15 тысяч.

«Закон аб абмежавальных мерах, паводле якога новыя імігранты з Расеі практычна не маюць магчымасці прыехаць у Літву, сапраўды спыніў рост колькасці расейскіх грамадзянаў. Інакш іх было б больш у нас», – зазначыла Гудзінскайце.

Паводле дырэктаркі Дэпартаменту міграцыі, літоўскія кампаніі, якія шукаюць патэнцыйных працаўнікоў, цяпер глядзяць не на Беларусь і Украіну, а на Цэнтральную Азію і Індыю.

«Узбекістан, Кыргызстан, Таджыкістан, Азербайджан і Казахстан – новыя краіны, адкуль наймальнікі вязуць працоўную сілу. <…> Большасць з Узбекістану. <…> Колькасць узбекаў у нас павялічылася больш як у чатыры разы», – сказала Гудзінскайце.

Літва плануе зрабіць больш жорсткімі ўмовы працаўладкавання замежнікаў

Паводле Гудзінскайце, большасць мігрантаў з Сярэдняй Азіі – нізкакваліфікаваныя рабочыя, якія прыязджаюць працаваць кіроўцамі і будаўнікамі. Значную частку прыбылых з Індыі складаюць студэнты.

Колькасць грамадзянаў Кыргызстану павялічылася з 2 тысяч у студзені 2023 года да 6,6 тысяч у канцы сакавіку 2024-га, грамадзянаў Таджыкістану – адпаведна з 1,4 тысячы да 6,3 тысяч, Індыі – 1,2 тысячы да 5,2 тысячы.

У Літве цяпер больш за 6 тысяч высокакваліфікаваных іншаземцаў, у асноўным – грамадзяне Беларусі і Расеі, якія працуюць інжынерамі ў кампаніях інфармацыйных тэхналогіяў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны