Рэгістрацыя ў дзяржорганах і адукацыйныя курсы. Што зменіцца для ўладальнікаў дронаў у Беларусі?

З 4 чэрвеня ў Беларусі зменяцца правілы выкарыстання беспілотнікаў. Да дзейных абмежаванняў дададуцца новыя: забарона на палёты незарэгістраваных дронаў і абавязковы курс навучання, піша «Office Life».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Раней у Беларусі ўхвалілі забарону на палёты беспілотнікаў над гарадамі, абавязалі ўзгадняць выкарыстанне апаратаў з «Белаэранавігацыяй», а пры неабходнасці здымкаў з паветра – атрымоўваць дазвол у Генштабе міністэрства абароны.

Яшчэ ў леташнім кастрычніку дэпартамент цывільнай авіяцыі зацвердзіў адмысловыя правілы, што тычацца дзяржаўнага ўліку і эксплуатацыі беспілотнікаў. Інструкцыя набудзе моц 4 чэрвеня.

Ад заўтрашняга дня палёты дазваляюцца толькі зарэгістраваным дронам. Норма не тычыцца некаторых маленькіх апаратаў з невялікай максімальнай хуткасцю. Каб атрымаць уліковы нумар, трэба звярнуцца ў дэпартамент авіяцыі з дакументамі, што сведчаць асобу, права ўласнасці ды маюць тэхнічныя характарыстыкі беспілотніка. Працэдура бясплатная. Самаробныя дроны не рэгіструюць.

Таксама з 4 чэрвеня дазваляецца карыстацца беспілотнікамі толькі тым, хто атрымаў сертыфікат навучання. Адмысловыя курсы ладзяць тры ўстановы: ДТСААФ, Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт і Нацыянальная акадэмія цывільнай авіяцыі. Навучанне доўжыцца тры дні і каштуе 230 – 250 рублёў. Кожныя 5 гадоў трэба праходзіць перападрыхтоўку.

Пры выкананні палёту аператару патрабуецца мець копіі пасведчання аб рэгістрацыі квадракоптара і сертыфікату аб навучанні.

Раней намеснік кіраўніка ДТСААФ Сяргей Петрусёў тлумачыў, што прасіць у Мінабароны дазвол на аэрафотаздымкі неабходна, калі камера знаходзіцца на адмысловым падвесе беспілотніка. Калі ж камера ўбудаваная, то фармальна гэта не лічыцца аэрафотаздымкамі, і такі запыт не патрабуецца.

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны