Рух расейцаў у Данецкай вобласці. Што вядома?

«Белсат» падводзіць вынікі 831-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спаленая расейская тэхніка і разбітыя грамадзянскія аўтамабілі на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве. На заднім плане – Сафійскі сабор. Кіеў, Украіна. 28 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

Цяжкія баі працягваюцца на поўначы ад буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што на першым участку Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў лесапаласе з паўднёвага ўсходу ад сяла Глыбокае (на поўначы ад Ліпцаў).

У гэты ж час у Ваўчанску расейцы штурмуюць тэрыторыю мясцовага Агрэгатнага заводу і квартал шматпавярховых дамоў.

Між тым іншая прарасейская крыніца – «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што на ліпцаўскім участку Збройныя сілы Украіны перайшлі ў маштабны контрнаступ з ужываннем вялікай колькасці цяжкай тэхнікі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што ЗСУ паступова прасоўваюцца ў Ваўчанску.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка ў ваколіцах сяла Неўскае на Луганшчыне. Сітуацыя на гэтым участку фронту па-ранейшаму застаецца напружанай.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ пішуць пра заняцце  расейскімі вайскоўцамі больш выгадных пазіцый каля населеных пунктаў Загаруйкаўка і Стэльмахаўка ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна.

На суседнім ліманскім кірунку войскі РФ ціснуць на левым беразе ракі Жарабец каля сяла Церны і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, але поспеху не маюць.

У сваю чаргу ЗСУ прынамсі тройчы контратакавалі каля сёлаў Дзіброва і Грыгораўка (ваколіцы Серабранскага лясніцтва).

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе расейскія вайскоўцы атакуюць каля сёлаў Раздолаўка і Выемка, але пакуль прасунуцца не могуць. Сітуацыя застаецца кантраляванай для ЗСУ.

На краматорскім кірунку баявыя дзеянні ў асноўным лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» піша, што сітуацыя на гэтым участку фронту застаецца складанай для абодвух бакоў: расейцам удалося замацавацца на ўскрайках часткі гораду, якая знаходзіцца на ўсходзе ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас, але ЗСУ захоўваюць кантроль над прамысловай зонай і раёнам шматпавярховых дамоў і самыя контратакуюць.

Пры гэтым з поўдня ад населенага пункту расейцы выйшлі да каналу, заняўшы тэрыторыю заказніку Ступкі-Галубоўскія-2, і цяпер праводзяць выведку боем на іншым беразе.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» паведамляе, што войскі РФ змянілі тактыку баёў на кірунку, адмовіўшыся ад так званых мясных штурмаў на карысць атак пад прыкрыццём цяжкай тэхнікі. Адначасова з гэтым горад Часаў Яр працягвае знішчацца ўдарамі артылерыі, РСЗА і авіяцыі.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Генштаб ЗСУ фіксуе шэраг безвыніковых атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Зялёнае Поле, Новапакроўскае, Навасёлаўка Першая, Калінавае, Невельскае, Новааляксандраўка і Сокал, прычым адзначаецца, што найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў праціўніка засяроджаная каля апошніх двух сёлаў.

Тым часам прарасейскія крыніцы пішуць, што большая частка Сокалу, імаверна, ужо занятая УС РФ.

Ніжэй па фронце расейцы атакуюць адразу ў некалькіх частках Краснагораўкі. Тэлеграм-канал «Рыбарь» адзначае прасоўванні Узброеных сілаў РФ на ўсходзе, захадзе і ў цэнтры гораду.

Разам з тым далейшы рух на поўнач населенага пункту ўскладнены кантролем украінцаў над прылеглымі да гораду вышынямі (каля сяла Невельскае).

Таксама на курахаўскім кірунку расейцы рухаюцца на поўдзень і паўднёвы захад ад сяла Новаміхайлаўка, у Парасковіеўцы і на захад ад Салодкага.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, паводле тэлеграм-каналу «Рыбарь», расейцы ўзялі пад свой кантроль большую частку сяла Старамаёрскае. У гэты ж час у суседнім Ураджайным УС РФ рухаюцца больш павольна, што ў першую чаргу тлумачыцца ўступнай перавагай украінцаў у FPV-дронах.

Нагадаем, абодва населеныя пункты былі вызваленыя ЗСУ падчас леташняга контрнаступу.

У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце побач з горадам Арэхаў, але істотных зменаў цягам апошніх содняў не адзначаецца.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы зноў атакавалі на левым беразе Дняпра, імкнучыся выбіць праціўніка з займанага плацдарму каля сяла Крынкі, але поспеху не дасягнулі.

Тым часам канал «Два майора» піша, што самыя ўкраінцы паступова выводзяць свае сілы з-пад Крынак у астраўную зону ракі, дзе цяпер ідуць цяжкія баі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату