Яшчэ адна ахвяра ракетнага ўдару па Краматорску: у шпіталі памерла пісьменніца Вікторыя Амэліна

Стала вядома пра яшчэ адну ахвяру расейскага ракетнага ўдару па цэнтры Краматорску. У шпіталі памерла ўкраінская пісьменніца Вікторыя Амэліна. Аб смерці пісьменніцы паведаміў Украінскі ПЭН.

Вікторыя Амэліна. Фота: Daniel Mordzinski / Украінскі ПЭН / pen.org.ua

3 ліпеня стала вядома, што ад цяжкіх раненняў, атрыманых падчас расейскага ракетнага ўдару па рэстаране ў Краматорску, 1 ліпеня памерла ўкраінская пісьменніца Вікторыя Амэліна. У дзень нападу яна вячэрала ў рэстаране «Ria Lounge» з дэлегацыяй калумбійскіх журналістаў і пісьменнікаў. Нягледзячы на намаганні лекараў, яе не ўдалося выратаваць.

«З вялікім болем паведамляем, што 1 ліпеня ў лякарні Мечнікава ў Дняпры перастала біцца сэрца пісьменніцы Вікторыі Амэлінай. Яе жыццё абарвалася ў выніку ранення, несумяшчальнага з жыццём, выкліканага ракетным ударам расейскіх акупантаў па рэстаране ў Краматорску 27 чэрвеня 2023 года. Мы паведамляем гэтую навіну цяпер, калі пра яе даведаліся ўсе родныя Вікторыі і з іхнай згоды», – гаворыцца ў паведамленні Украінскага ПЭНу.

Чалец Украінскага ПЭНу, пісьменніца Вікторыя Амэліна пасля поўнамаштабнага расейскага вайсковага ўварвання далучылася да праваабарончай дзейнасці, была дакументатарам ваенных злачынстваў у арганізацыі «Truth Hounds», была ў Краматорску разам з дэлегацыяй калумбійскіх журналістаў і пісьменнікаў. Ад удару расейскай ракеты атрымала цяжкія раненні, якія аказаліся смяротнымі.

На аснове праведзеных апытанняў сведак трагедыі Украінскі ПЭН і «Truth Hounds» заяўляюць, што траплянне ракеты ў рэстаран не было выпадковым і ёсць чарговым ваенным злачынствам Расеі.

«Аналіз разбурэнняў і паказанняў сведак паказвае на тое, што расейцы выкарысталі для ўдару высокадакладную ракету тыпу “Іскандэр”. Яны дакладна ведалі, што страляюць у месца, дзе будзе вялікая колькасць цывільных людзей. Вядома аб гібелі 13 чалавек, каля 60 параненыя», – паведамляе ПЭН.

Колькасць ахвяраў ракетнага абстрэлу ў Краматорску вырасла да 12 чалавек

Вікторыя летам 2022 года далучылася да праваабарончай арганізацыі «Truth Hounds», разам з камандай дакументавала ваенныя злачынствы на дэакупаваных тэрыторыях на ўсходзе, поўдні і поўначы Украіны. У Капытолаўцы на Ізюмшчыне Вікторыя знайшла дзённік забітага расейскімі вайскоўцамі пісьменніка Уладзіміра Вакуленкі.

Перад смерцю Вікторыя працавала над кнігай нон-фікшн на англійскай мове «War, Justice Diary: Looking at Women Looking at War» пра ўкраінскіх жанчын, якія дакументуюць ваенныя злачынствы, і іхнае жыцці падчас вайны. Кніга неўзабаве павінна выйсці за мяжой.

Вікторыя Амэліна нарадзілася 1 студзеня 1986 года ў Львове. У 2007 годзе атрымала ў Львоўскай палітэхніцы ступень магістра кампʼютарных тэхналогіяў з адзнакай. У 2005–2015 гадах працавала ў міжнародных тэхналагічных кампаніях. У 2015 годзе Вікторыя прыпыніла карʼеру ў інфармацыйных тэхналогіях, каб прысвяціць сябе пісьменніцкай працы.

Яна аўтарка кніг «Сіндром лістападу, або Homo Compatiens», «Хтось, або Вадзяное Сэрца», «Дом для Дома» і «Э-э-эсторыі экскаватара Экі».

Творы пісьменніцы публікаваліся ў перакладах на польскую, чэшскую, нямецкую, нідэрландскую, англійскую і іспанскую мовы. Таксама яна заснавала Нью-Ёркскі літаратурны фестываль у Данецкай вобласці.

Колькасць ахвяраў расейскага ракетнага ўдару па Краматорску павялічылася да 10 чалавек

Як паведамляў «Белсат», 27 чэрвеня расейскія войскі нанеслі па цэнтры Краматорску ракетны ўдар, ад якога пацярпелі больш за 60 чалавек, 13 – загінулі. Сярод загінулых тры няпоўнагадовыя дзяўчыны – адна 17 гадоў і сёстры-блізняты 14 гадоў. Сярод параненых – дзевяцімесячнае немаўля.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны