Падпісаны закон «Аб амністыі». Каго не вызваляць – спіс выключэнняў вялікі

Амністыя, што анансавалі яшчэ 11 студзеня, набыла канчатковую форму: 3 ліпеня быў афіцыйна апублікаваны закон «Аб амністыі», што Аляксандр Лукашэнка падпісаў днём раней. Закон не датычыць большай часткі палітычных зняволеных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, якая падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

Паводле закону, амністыя закране наступныя катэгорыі вязняў:

  • няпоўнагадовыя;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і самотныя мужчыны, якія маюць дзяцей векам да 18 гадоў, за выключэннем тых, што здзейснілі наўмыснае злачынства ў дачыненні няпоўнагадовага;
  • асобы, якія дасягнулі пенсійнага веку;
  • інваліды І і ІІ групаў, хворыя на сухоты (групы ІА, ІІА, ІІІ), анкалагічныя захворванні (ІІ, ІІІ і IV групаў), ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворвання;
  • пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварыяў;
  • параненыя, кантужаныя і тыя, хто атрымаў захворванні ў час службы ў савецкіх і беларускіх войсках, «іншых войсках і вайсковых фармаваннях, створаных адпаведна з заканадаўствам», і ў шэрагу сілавых структураў.

Адзін год пакарання маюць скасаваць асобам, якім было прызначанае пакаранне ў выглядзе абмежавання і пазбаўлення волі, а таксама тым, каму змякчалі пакаранне паводле артыкулаў 90, 91, 93, 119 і 120 КК РБ. Асобам, якім засталося дасядзець менш за год, маюць замяніць пазбаўленне волі на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»), абмежаванне волі – на ўмоўнае вызваленне.

Усё гэта не датычыць:

  • асобаў, да якіх цягам 2021–2024 гадоў ужываліся амністыя ці памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства ў час нязнятай ці пагашанай судзімасці;
  • асобаў, якія на дзень вынясення прысуду ці ўступлення яго ў законную моц цалкам не кампенсавалі нанесенай шкоды (асобным пунктам – не кампенсавалі кошт паслуг установам аховы здароўя), не выплацілі даходу, атрыманага злачынным шляхам, а таксама даходу, атрыманага ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам ці набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам;
  • асобам, якія «злосна парушалі парадак» у час адбывання пакарання (парушэннем можа быць незашпілены гузік робы ці сон у дзённы час, доказаў у такіх справах не трэба, за «злоснае непадпарадкаванне» турэмшчыкам зняволенаму могуць дадаць да двух гадоў пазбаўлення волі);
  • асобаў, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў, ці прызнаных ва ўстаноўленым парадку асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі;
  • асобаў, якім смяротнае пакаранне ў парадку памілавання замянілі пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі ці пажыццёвага пазбаўлення волі;
  • асобаў, якія не кампенсавалі дзяржаве ўтрымання іхных дзяцей або маюць запазычанасць у аліментах;
  • асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў ці датычных «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.

Спіс асобна пазначаных крымінальных артыкулаў, якіх не датычыць амністыя:

122, 124, 126, 127, 130–130-2, 133, ч. 1 арт. 139 (акрамя жанчын з трыма і больш няпоўнагадовымі дзецьмі), ч. 2 арт. 139, ч. 3 арт. 147 (акрамя жанчын з трыма і больш няпоўнагадовымі дзецьмі), ч. 2 і 3 арт. 166, ч. 2 і 3 арт. 167, ч. 2 арт. 168, арт. 190, 191, 193-1, 198, 198-1, 203, 203-1, 218, 285–287, 289–295-1, 295-3, 309, 310, ч. 3 арт. 311, ч. 2 і 3 арт. 317 (калі злачынства ўчынілі ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення), ч. 4 і 5 арт. 317, арт. 317-1, ч. 3 арт. 322, ч. 3 арт. 323, ч. 3 арт. 324, арт. 327–332 (акрамя жанчын з трыма і больш няпоўнагадовымі дзецьмі), ч. 2 і 3 арт. 333, арт. 333-1, 340–342, 342-2, 343-1, 346, ч. 2 арт. 349, ч. 3 арт. 350, арт. 352, 356–370, 373, 375, 388, 389, 391, 421, 422, 423-1 КК РБ, а таксама арт. 61–65-1, 67, 74, 74-2, 76, 100, 101, ч. 2 арт. 106, ч. 2–4 арт. 115, арт. 117, 119, 124-1, 189-1, ч. 3 арт. 206 (калі злачынства ўчынілі ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення) Крымінальнага кодэксу Савецкай Беларусі 1960 года.

Амністыя не датычыць «народных» артыкулаў за «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ), «Знявагу прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «Удзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293), «Гвалт у дачыненні міліцыянта» (арт. 364), «Знявагу Лукашэнкі» (арт. 368), «Распальванне варожасці» (арт. 130) і іншых, што ўжываюць у палітычных рэпрэсіях. Наўрад ці будуць вызваленыя шмат палітвязняў.

Спіс артыкулаў, пры якіх нельга замяняць пазбаўленне волі на больш мяккае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») і вызваляць ад іншых мераў крымінальнай адказнасці:

  • усе артыкулы, аднесеныя да цяжкіх і асабліва цяжкіх (то бок такіх, паводле якіх максімальнае пакаранне перавышае два гады);
  • артыкулы са спісу вышэй;
  • арт. 140, ч. 1 арт. 168, ч. 2 арт. 169, ч. 2 арт. 170, ч. 2 арт. 173, ч. 1 арт. 210, ч. 1

    арт. 327, ч. 1 арт. 328, ч. 1 арт. 329, арт. 330, ч. 1 арт. 331,

    ч.1 арт. 332, ч. 1 арт. 413, ч. 2 арт. 424, ч. 2 арт. 425, ч. 2 арт. 426, арт. 429, ч. 1 арт. 431, ч. 1 і 2 арт. 432, ч. 1

    арт. 455;
  • таксама нельга замяняць пазбаўленне волі на больш мяккае пакаранне для судзімых больш за два разы з пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі за наўмысныя злачынствы.

Такім чынам, напрыклад, хворы на анкалогію палітвязень Рыгор Кастусёў або палітвязень Павел Кучынскі з ракам чацвёртай стадыі не трапляюць пад амністыю, бо іхныя артыкулы ёсць у спісе выключэнняў.

Аляксандр Лукашэнка раней заклікаў «падысці да пытання амністыі нетрадыцыйна» і «больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных», праверыць, «ці адпавядаюць прызначаныя меры пакарання цяжару злачынстваў і той небяспецы, што ўяўляюць гэтыя людзі для грамадства», і гэтак далей. Спісе выключэнняў гаворыць аб тым, што ўсё гэта не датычылася палітычных апанентаў.

Падчас выступу ў Палацы Рэспублікі ўвечары 2 чэрвеня Лукашэнка анансаваў вызваленне некаторых цяжкахворых праціўнікаў рэжыму: «Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашыя, якія не паспелі збегчы і застаюцца ў месцах не такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным, з ракавымі захворваннямі». Аднак, паводле падпісанага ім закону «Аб амністыі», акурат такіх ён не адпусціць. Але можа памілаваць асобным указам.

Лукашэнка паабяцаў вызваліць цяжкахворых. Хто з палітвязняў уваходзіць у гэтую катэгорыю?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны