У Турцыі трапіў у аварыю аўтобус з беларускімі і расейскімі турыстамі, шмат пацярпелых

Ранкам 3 ліпеня аўтобус, які вёз турыстаў, урэзаўся ў слуп пры ўездзе на мост у Манаўгаце, што ў правінцыі Анталья, паведамляе турэцкае NTV. Паводле звестак турэцкага IHA, пацярпелі 20 турыстаў – 16 грамадзянаў Расеі і 4 грамадзяніны Беларусі. Турэцкі кіроўца памёр у лякарні.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Nehir Haber (@habernehir)

Аўтобус з нумарам 67 AAZ 365, што вёз турыстаў з гатэляў у аэрапорт Антальі, урэзаўся ў агароджу і бетонны слуп пры ўездзе на Мост Дэмакратыі ў горадзе Манаўгат, вылецеў на бакавую дарогу.

Пасля аварыі на месца былі скіраваныя шматлікія пажарныя і медыкі. Як бачна з фота здарэння, кабіна аўтобуса была цалкам разбітая. Кіроўцу змаглі дастаць з кабіны і адвезці у лякарню, але яго жыццё не ўдалося ўратаваць.

У лякарні таксама даставілі 16 расейцаў і 4 беларусаў. Медыі адзначаюць, што некаторыя пацярпелыя адмаўляліся ісці ў лякарні, нягледзячы на траўмы.

Аварыя з турыстычным аўтобусам. Манаўгат, Турцыя. 3 ліпеня 2024 года. Фота: Nehir.net

Прычыны здарэння не называюць, паліцыя распачала расследаванне.

Амбасада Беларусі ў Турцыі не паведамляла пра гэтае здарэнне – 3 ліпеня ў амбасадзе выходны. З амбасадай можна паспрабаваць звязацца праз тэлефоны +90 (312) 441 67 69 ці +90 (312) 441 67 70.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны