У Польшчы зарэгістравалі яшчэ адзін Беларускі моладзевы хаб

У польскім Дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў 2 жніўня быў зарэгістраваны яшчэ адзін Беларускі моладзевы хаб, заўважыў «Позірк». Гэта вынікае з адпаведнага запісу.

Рэгістрацыя ў рэестры Belarusian youth hub. Скрыншот са старонкі: prs.ms.gov.pl

Новая арганізацыя зарэгістраваная пад назваю Belarusian youth hub. Старшынёй праўлення пазначаны экс-кіраўнік «першага» Беларускага моладзевага хабу Аляксандр Лапко. Намеснікам прызначаны Павел Забаўскі.

Мэтай арганізацыі заяўлена правядзенне культурных, адукацыйных, сацыяльных мерапрыемстваў, кірмашоў, выстаў, вытворчасць фільмаў «інфармацыйнага і адукацыйнага характару», аказанне дапамогі ў вывучэнні польскай мовы грамадзянам Беларусі і іншае.

Нагадаем: днём 2 жніўня каманда Беларускага моладзевага хабу заявіла пра «рэйдарскі захоп» офісу на plac Konstytucji 6 у Варшаве, падчас якога былі выламаныя замкі і спрацавала сігналізацыя, праз што на месца прыехала паліцыя.

Сузаснавальнікі праекту Аляксандр Лапко і Стася Гліннік паведамілі журналістам, што з дапамогай падробкі іх подпісаў да кіраўніцтва хабам прыйшлі іншыя людзі, за якімі стаіць Сяргей Бульба – былы вайсковец, адзін з стваральнікаў «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» і заснавальнік «Белага легіёну».

У каментары «Белсату» Бульба адзначаў, што кіраўніцтва памянялася цалкам законна.

Беларускі моладзевы раскол. Каманда хабу адмаўляецца працаваць з новым кіраўніком

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны