У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве 30 ліпеня адбылася прэм’ера кароткаметражнага фільму ад аўтараў «Шчучыншчыны» – «ЧынЧыны проляцелі зязюляй». У стужцы грае вядоўца сатырычнага шоу «Белсату» «Хай Так TV» Міхаіл Зуй.
Фільм распавядае пра вядомых беларускіх чыноўнікаў Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча, якія прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню № 1, каб наведаць таямнічую пацыентку – вядомую патрыятычную спявачку Алену Жалудок. Яны хочуць прымусіць яе спяваць на дзяржаўным свяце. Але яна сцвярджае, што згубіла голас. Аднак слугі народу не прымаюць адмоваў і пастанаўляюць зрабіць Алене лобатамію.
У фільме прэзентаваны новы кліп Алены Жалудок на песню «Лядская псіхіятрычная».
На паказе прысутнічалі каля 100 чалавек, у тым ліку акторы Купалаўскага тэатру, вядомыя беларускія дзеячы культуры і мастацтва.
Фільм «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» выйдзе онлайн 31 жніўня на канале «ЧинЧинЧенэл». Рэжысёр фільму – Андрэй Кашперскі. У галоўных ролях – акторы Купалаўскага тэатру Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, спявачка Алена Зуй-Вайцяхоўская (Алена Жалудок). Міхаіл Зуй таксама суаўтар сцэнара.
Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй для новага сезону «Белсату» рыхтуюць вялікі новы праект. Падрабязнасці даведаемся перад пачаткам сезону.
Марыя Міхалевіч belsat.eu