Дзяржаўная дума аднагалосна ўхваліла законапраекты аб уключэнні ў склад Расеі «ДНР», «ЛНР», а таксама Херсонскай і Запарожскай абласцей, паведамляецца на сайце парламента. Напярэдадні гэтыя законапраекты ўнёс Уладзімір Пуцін.
Цяпер дакументы перададуць для ўхвалення ў Савет Федэрацыі, а потым – Пуціну.
Выданне «Агентство» заўважыла, што за анексію прагаласавала больш дэпутатаў, чым прысутнічала ў залі. На пасяджэнне зарэгістраваліся 408 асоб, а, напрыклад, за ратыфікацыю дамовы аб далучэнні «ДНР» прагаласавалі 413 парламентарыяў. Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін патлумачыў гэта «тэхнічным збоем».
Законапраекты прадугледжваюць аўтаматычнае наданне расейскага грамадзянства ўсім, хто жыве на анексаваных тэрыторыях ці з’ехаў адтуль у Расею. Трэба толькі напісаць заяву і даць прысягу.
У дакуменце таксама гаворыцца, што на захопленых тэрыторыях да канца года дазваляецца абарачэнне грыўні.
Аб далучэнні акупаваных тэрыторый да Расеі было абвешчана на цырымоніі ў Крамлі 30 верасня.
Сяргей Крот belsat.eu