Ва Украіне пахавалі беларускага добраахвотніка Аляксея Вешчавайлава

У горадзе Тальнае Чаркаскай вобласці пахавалі добраахвотніка Аляксея Вешчавайлава. «Менавіта тут загадаў пахаваць сябе наш баявы сябра Жнец», – паведамляе Telegram-канал палка «Пагоня», дзе служыў беларус.

Пахаванне прайшло пад патранажам мэрыі. У развітальным слове кіраўнік гарадской адміністрацыі Васіль Сідзько адзначыў, што беларус «заплаціў жыццём за мір і спакой на свабоднай украінскай зямлі».

Раней грамадскія актывісты заклікалі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пасмяротна прысвоіць грамадзянства Украіны загінуўшаму жаўнеру.

Аляксей Вешчавайлаў атрымаў смяротныя раненні 26 верасня ў баях пад Бахмутам Данецкай вобласці. У яго засталіся двое дзяцей і жонка.

Прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Валер Сахашчык назваў Вешчавайлава «адным з найбольш дасведчаных воінаў, якіх паважаюць».

«У добраахвотніцкі падраздзел яго прывялі праўдалюбства і абвостранае пачуццё справядлівасці. Душа калектыву – пра яго гэта абсалютна шчыра. Партрэт Аляксея будзе першым на Алеі Герояў Палка «Пагоня». Яго дзеці будуць па праве ганарыцца бацькам. А мы зробім усё, каб справа, за якую ён аддаў сваё жыццё, перамагла», – гаворыцца ў заяве Сахашчыка, апублікаванай у Telegram-канале Кабінету.

Аляксей Вешчавайлаў – эрзя па нацыянальнасці. Ён пачаў абараняць Украіну ад расейцаў яшчэ ў 2016 годзе. У 2019-м, калі прыехаў у Беларусь на адпачынак да сваякоў, быў арыштаваны па абвінавачванні ў наёмніцтве. Пасля 2,5 гадоў зняволення вярнуўся ва Украіну і зноў пайшоў на фронт.

Вешчавайлаў стаў трынаццатым беларусам-добраахвотнікам, што загінулі ў баях з расейскімі войскамі.

Ва Украіне загінуў баец беларускага палка «Пагоня»

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны