За тры гады, на момант 30 верасня 2023 года, МЗС Польшчы выдала 93 512 візаў паводле праграмы «Poland Business Harbor». Больш за ўсё – 88 529 – грамадзянам Беларусі.
Для параўнання: украінцам паводле гэтай праграме выдалі 1471 візу, расейцам – 2524.
На кастрычнік 2022 года колькасць выдадзеных Польшчаю візаў «PBH» беларусам складала 58,9 тысячы. То бок за год гэтая лічба вырасла амаль на 30 тысячаў.
Цікава, што паводле звестак, атрыманым выданнем «Rzeczpospolita» у Галоўным упраўленні Памежнай службы, з 2020 года ў Польшчу паводле візах «PBH» пераехалі каля 13,5 тысячы асобаў: толькі кожны сёмы, хто яе атрымаў.
У апараце ўраду, канцылярыі прэм’ера і Міністэрстве развіцця і тэхналогіяў Польшчы журналістам не здолелі растлумачыць, куды падзеліся астатнія 80 тысяч адмыслоўцаў, якія атрымалі візы. Паводле адной з версіяў, беларускія кампаніі, якія пераносілі бізнес у Польшчу, каб пазбегчы санкцыяў, маглі наймаць замежных IT-спецыялістаў толькі на паперы, каб атрымаць падатковыя льготы. Фізічна ж персанал застаецца ў Беларусі і выконвае працу дыстанцыйна. Паводле іншай версіі, грамадзяне Беларусі маглі заязджаць у Польшчу праз іншыя еўрапейскія краіны, напрыклад, Літву ці Латвію. Таксама частка праграмістаў і іхныя сямейнікі атрымлівалі візы паўторна.
Нагадаем, што ўрад Польшчы з восені 2020 года запусціў адмысловую праграму для IT-спецыялістаў з Беларусі, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расеі, Украіны і Азербайджану – «Poland Business Harbour». Праграма скіраваная на палягчэнне пераезду і адаптацыю ў Польшчы грамадзянаў пералічаных краін, якія займаюцца працай у сферы інфармацыйных тэхналогіяў, маюць цікавыя бізнес-ідэі (стартапы), або заснавальнікаў ужо існых прадпрыемстваў, якія жадаюць свае фірмы перавесці ў Польшчу ці адкрыць у краіне філіялы. Распаўсюджваецца праграма і на сямейнікаў (сужэнцаў і дзяцей) названых асобаў.
У межах праграмы «Poland Business Harbour» можна аформіць нацыянальную візу, якую разгледзяць у першачарговым парадку. Таксама, пры пэўных умовах, можна атрымаць гранты на развіццё бізнесу. Гэтыя ільготныя захады скіраваныя на прыцягненне ў Польшчу неабходных эканоміцы спецыялістаў і эканамічныя праекты.
Візы такога тыпу даюць магчымасці, якіх не мае звычайная гуманітарная віза: напрыклад, права ажыццяўляць камерцыйную дзейнасць. Аплата візавага збору за яе выдачу таксама не прадугледжаная. Але гэта нацыянальная віза, і працаваць паводле яе ў іншых краінах Еўропы нельга.