Нямеччына і Бельгія едуць дадому. На футбольным чэмпіянаце свету ў Катары – час вызначальных гульняў

Мундыяль пераходзіць у вызначальную стадыю. 3 снежня пачынаюцца гульні на выбіванне. Першы этап адсек 16 камандаў, цяпер кожны дзень дадому будуць выпраўляцца яшчэ дзве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бразільская каманда святкуе забіты гол падчас матчу групы G на чэмпіянаце свету па футболе. Люсайль, Катар. 24 лістапада 2022 года. Фота: Mike Egerton / PA Images / Forum

Турнір падарыў ужо некалькі сенсацыяў: з групы не здолелі выйсці Нямеччына, Бельгія, Уругвай, Данія і Мексіка, пры гэтым да раўнду плэй-оф дабраліся Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія і Польшча. Упершыню з 1994 года ні адна каманда не перамагла на першым этапе турніру ўсіх матчаў. Пакуль на чэмпіянаце свету не прагульвалі толькі Англія, Марока і Нідэрланды. Паспрабуем прадказаць, што будзе далей.

Польшча і Марока выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету праз 36 гадоў

Гэтак, у 1/8 фіналу 3 снежня згуляюць: Нідэрланды – ЗША, Аргенціна – Аўстралія; 4 снежня адбудуцца гульні Францыя – Польшча і Англія – Сенегал; на наступны дзень, 5 снежня, – Японія – Харватыя і Бразілія – Паўднёвая Карэя. Завершыцца першая стадыя плэй-оф 6 снежня гульнямі Марока – Іспанія і Партугалія – Швейцарыя.

Гаспадары чэмпіянату свету аказаліся абсалютна не канкурэнтаздольныя на фоне камандаў сваёй групы: Катар прагуляў усе тры матчы, забіўшы толькі адзін мяч, і ў выніку заняў апошняе месца. Такі ж вынік у Канады, якая, дарэчы, з ЗША і Мексікай прыме наступны чэмпіянат свету. У 2026 годзе ўпершыню ў гісторыі ў ім выступіць 48 камандаў, чэмпіянат пройдзе ў 16 гарадах.

У групу А лёгка перамаглі нідэрландцы, а вось другое месца ў бітве вызначалі Сенегал і Эквадор. Мацнейшымі (2:1) аказаліся афрыканцы, яны заваявалі права згуляць з Англіяй.

У групе С усё пачалося з сенсацыі: Саудаўская Аравія абгуляла фаварыта турніру – Аргенціну, 2:1, але затым каманда Леа Мэсі сабралася і, выгуляўшы два матчы, выйшла з групы з першага месца. Другімі дзякуючы лепшай розніцы мячоў сталіся палякі.

Галкіпер зборнай Польшчы Войцех Шчэнсны бярэ пенальці ад Леа Мэсі. Люсайль, Катар. 30 лістапада 2022 года. Скрыншот: sport.tvp.pl

У плэй-оф чэмпіянату свету палякі не выходзілі з 1986-га. Тады, 36 гадоў таму, Польшча выйшла ў 1/8 фіналу з трэцяга месца і прагуляла 0:4 Бразіліі. Цяпер яе чакае выпрабаванне не прасцейшае: дзейны чэмпіён свету Францыя. Галоўную ролю ў поспеху зборнай Польшчы адыгралі яе ветэраны: 34-гадовы форвард «Barcelona» Робэрт Левандоўскі (хоць у гульні з Мексікай, які завяршыўся з лікам 0:0, легенда зборнай Польшчы не забіла пенальці), 32-гадовы галкіпер «Juventus» Войцех Шчэнсны (адбіў два пенальці) і галоўны трэнер Чэслаў Міхневіч, які нарадзіўся ў беларускай Бярозаўцы.

Заўважым, што Шчэнсны стаў толькі трэцім у гісторыі чэмпіянатаў свету галкіперам, які здолеў за адзін турнір адбіць два пенальці. Да гэтага падобнае ўдавалася толькі яшчэ аднаму паляку – Яну Тамашэўскаму ў 1974 годзе і амерыканцу Брэду Фрыдэлу ў 2002-м.

У групе B усё пачалося з разгромнай перамогі Англіі над Іранам – 6:2. Перад матчам персы не сталі спяваць гімну сваёй краіны. Сітуацыя там у нейкім сэнсе падобная да беларускай: пратэсты, тысячы затрыманых і нават прысуджаных да смерці, падзел футбалістаў на тых, хто з народам, і тых, хто ніяк не выказаўся. У выніку Іран саступіў у галоўным матчы ЗША, 0:1.

Чэмпіёны свету – французы – пачалі турнір з прыгожай перамогі над Аўстраліяй, 4:1. Але ў выніку абедзве зборныя набралі па шэсць пунктаў і выйшлі ў плэй-оф. У гэтым квартэце здзівіла гульня зборнай Даніі. Звычайная моцная каманда, якая паказвае прыгожую гульню і далёка праходзіць па турнірнай сетцы, гэтым разам аказалася проста неканкурэнтаздольнаю.

Час Бельгіі мінуў, Нямеччына другі чэмпіянат свету не можа выйсці з групы

Сенсацыяй групы E сталася зборная Японіі, якая абгуляла і іспанцаў, і немцаў, выйшаўшы ў 1/8 фіналу з першага месца. Прычым падчас матчаў апошняга туру на працягу некалькіх хвілінаў абедзве еўрапейскія зборныя праляталі паўз плэй-оф. Але ў выніку для іспанцаў, якія пачалі турнір з разгромнай перамогі – 7:0 – над Коста-Рыкай, усё скончылася добра, а для немцаў – не, і яны едуць дадому.

У 2014 годзе, абгуляўшы Аргенціну ў фінале чэмпіянату свету ў Бразіліі з лікам 1:0, немцы сталіся найлепшаю камандаю свету. З таго часу ўжо восем гадоў яны не могуць пераадолець нават першага этапу.

Чорная паласа і ў Бельгіі. Пра такія каманды кажуць – час мінуў. Бельгійцы доўга ўзначальвалі рэйтынг ФІФА, але не здолелі скарыстацца сваймі шанцамі перамагчы. У 2021 годзе на Еўра-2020 яны саступілі Італіі, а на чэмпіянаце свету 2018-га ў паўфінале прагулялі Францыі (0:1) і занялі толькі трэцяе месца, хаця былі здольныя на большае. Цяпер бельгійцы абгулялі толькі Канаду і прапусцілі наперад Марока і Харватыю. Афрыканцы выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету другі раз у сваёй гісторыі, і гэта, як і ў палякаў, адбылося праз 36 гадоў.

Яшчэ адною нечаканасцю стаўся выхад у плэй-оф Паўднёвай Карэі. Для гэтага камандзе давялося перамагчы Партугалію. Карэя апярэдзіла Уругвай толькі дзякуючы таму, што забіла на адзін гол больш за ўругвайцаў.

Як там суперзоркі?

Цікава, што тры з пяці суперзорак гуляюць у адным клубе – французскім «PSG». Пакуль турнір не задаўся толькі для Нэймара. У стартавай гульні ў Катары ён атрымаў траўму, і цяпер бразільцы чакаюць ягонага вяртання да чвэрцьфіналу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыштыяну Раналду гуляе на футбольным матчы паміж Паўднёвай Карэяй і Партугаліяй чэмпіянату свету па футболе ў Катары. 2 снежня 2022 года. Фота: Joel Marklund / Zuma Press / Forum

Дарэчы, французы да гэтай стадыі чакаюць вяртання найлепшага футбаліста мінулага сезону – Бэнзэму. Іншы француз, 23-гадовы Кільян Мбапэ, у поўным парадку, згуляў на гэтым турніры дзве гульні і набраў па сістэме гол + пас 3+1. Ёсць верагоднасць, што гэты хлопец у Катары сябе яшчэ праявіць.

Іншая зорка «PSG», Леа Мэсі, вызначыўся голам і пасам у гульні з Мексікай і голам з пенальці. Ён стаўся пятым футбалістам у гісторыі чэмпіянатаў свету, які забіў на чатырох мундыялях запар, паўтарыўшы вынік вялікага Пэле і двух немцаў – Увэ Зээлера і Мірослава Клёзэ. Ён першы аргенцінец, якому гэта ўдалося, абышоўшы Марадону і Батыстуту.

Але ўсіх ізноў перасягнуў Крыштыяну Раналду. 37-гадовы партугалец забіў з пенальці Гане і стаўся першым у гісторыі чалавекам, які вызначыўся голам на пяці запар чэмпіянатах свету. Раналду забіваў у 2006-м, 2010-м, 2014-м, 2018-м і 2022 гадах. На ягоным рахунку 20 матчаў і 8 галоў. Да таго ж Крыштыяну – першы ў гісторыі сусветнага футбола гулец, які нанёс у фінальных турнірах чэмпіянатам свету 100 удараў па браме: статыстыку вядуць з 1966 года. Дарэчы, Раналду больш не чакаюць у ягоным клубе – «Manchester United», партугалец мае намер працягнуць кар’еру ў «Al Hilal» з Саудаўскай Аравіі.

Хто ў Катары больш за ўсіх забіў?

Такіх асобаў пяцёра, яны вызначыліся па тры разы. Акрамя француза Кільяна Мбапэ, гэта яшчэ адзін 23-гадовы футбаліст Кодзі Хапка. Форвард нідэрландскага «PSV» (Эйндговэн) стаўся сапраўдным адкрыццём турніру.

Акрамя таго, у спісе бамбардзіраў – 30-гадовы іспанец з мадрыдскага «Atlético» Альвара Марата, 25-гадовы  Маркус Рэшфард з «Manchester United» і 33-гадовы Эннэр Валенсья з турэцкага «Fenerbahçe». Для эквадорца турнір скончаны, ягоная зборная паехала дадому. Астатнія могуць забіць яшчэ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Форвард зборнай Францыі Кільян Мбапэ на чэмпіянаце свету на футболе ў Катары. 30 лістапада 2022 года. Фота: Bagu Blanco / Pressinphoto / Shutterstock / East News

У фаварытах – па-ранейшаму Францыя і Бразілія

Букмекеры галоўным фаварытам лічаць Бразілію, яе перамогу ацэньваюць каэфіцыентам 3,5, следам ідуць французы – 6,5 і іспанцы – 7,5. Заўважым, што Францыя і Бразілія могуць сустрэцца толькі ў фінале. Паводле нашай версіі, гэта вельмі верагодна. Яшчэ топ-матчамі ў Катары могуць стаць гульні Аргентына – Бразілія (такое магчыма ў паўфінале), Францыя – Англія, Іспанія – Партугалія (магчыма, ужо ў ¼ фіналу). Вызначальны матч чэмпіянату свету пройдзе 18 снежня.

АЛ  belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны