Расейскі інвестар збанкрутаванага заводу спрабаваў спагнаць з Беларусі 234 млн долараў

Міжнародны цэнтр урэгуляванні інвестыцыйных спрэчак (ICSID) у Вашынгтоне адхіліў пазоў расейскага ЗАТ «Гранд Экспресс» да Беларусі на суму 234 млн долараў, паведамляе Global Arbitration Review.

«Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод». Фота: ovz.by

Як адзначаецца, трыбунал адмовіў у пазове расейскай кампаніі бо выявіў, «што яна ўдзельнічала ў ашуканскай схеме». Падрабязнасці гэтага не паведамляюцца.

Гучнае адкрыццё заводу ў 2013-м і яго банкруцтва ў 2023-м. Але вінаватых у марнатраўстве няма

У 2008 годзе ўрад Беларусі заключыў дамову з расейскай кампаніяй «Гранд Экспресс» наконт будаўніцтва Асіповіцкага вагонабудаўнічага заводу, што мусіў выпускаць чыгуначныя вагоны. Чыноўнікі пераконвалі, што завод, які каштуе 160 мільёнаў долараў, зможа выпускаць 2,5 тысячы грузавых вагонаў і 2 тысячы танк-кантэйнераў за год. У 2011-м Еўразійскі банк развіцця выдаў крэдыт на 63,5 мільёна долараў пад гарантыю ўраду Беларусі.

Будаўніцтва заводу скончылі ў 2013 годзе. Але заяўленай колькасці вагонаў завод ніколі не выпускаў. Ужо ў 2016 годзе Эканамічны суд распачаў вядзенне ў справе вагоннага заводу аб эканамічнай неплатаздольнасці. Генпракуратура ад імя Беларускай чыгункі звярнулася ў суд з пазовам да былых уладальнікаў і кіраўнікоў АВЗ. Але да адказнасці ніхто з кіраўніцтва заводу не быў прыцягнуты. Сам завод праз аўкцыён завод быў прададзены і перайшоў пад кіраванне БЧ. У 2023 годзе Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод быў прызнаны банкрутам.

У сваю чаргу расейская кампанія абвінаваціла ў стратах «Беларускую чыгунку», якая, маўляў, не выконвала абавязкі куплі вагонаў. Таксама «Гранд Экспресс» заявіла пра парушэнне Беларуссю пагаднення па заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый у Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама ініцыявала судовыя разборы ў Расеі і за мяжой, каб спагнаць грошы з Беларусі.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны