Байцы палка Каліноўскага ўзялі ў палон расейскіх вайскоўцаў

Палкавое падраздзяленне БПЛА імя Мікіты Крыўцова ў ходзе штурмавой аперацыі ўзяло палонных, паведамляе тэлеграм-канал палка Каліноўскага. Байцы спадзяюцца, што гэта дапаможа паскорыць вяртанне з расейскага палону іх таварышаў па службе.

На відэа, якое апублікаваў полк Каліноўскага, адзін з палонных Віктар распавядае, што яны – мабілізаваныя, якім абяцалі службу на мяжы, а на сам рэч кінулі на перадавую. Паводле ягоных словаў, у іх роце было 106 чалавек, а засталося каля 56 чалавек. Астатнія нібыта загінулі ад асколачных раненняў.

Таксама ён распавядае пра жорсткасць свайго кіраўніцтва, якое ў якасці пакарання за парушэнні «саджае ў канавы» і «не корміць».

Палоннаму далі пагаварыць з роднымі, якім прадстаўнік палка паведаміў, што яны будуць уключаны ў спісы на абмен, і што да іх прымяняюцца ўсе правілы Жэнеўскай канвенцыі па абыходжанні з ваеннапалоннымі.

«Мы чарговы раз папоўнілі абменны фонд Украіны і спадзяемся, што гэта паскорыць вяртанне з палону нашых ваяроў», – пішуць прадстаўнікі палка.

У пачатку лютага беларускія добраахвотнікі ўзялі ў палон двух наймітаў ЧВК Вагнэра. Тады іх таксама хацелі абмяняць на беларусаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.

Ва Украіне фармуецца атрад з прадстаўнікоў ByPol

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны