Расея атакавала Адэскую вобласць 17 дронамі-камікадзэ. 14 былі збітыя

Уначы расейскія войскі запусцілі ў бок Адэсы 17 іранскіх беспілотнікаў. Спікер аператыўнага камандавання «Поўдзень» Уладзіслаў Назараў паведаміў, што 14 з іх былі збітыя. Пацярпелых няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Іранскія беспілотнікі на вайсковых вучэннях. Сенман, Іран. 5 студзеня 2021 года. Крыніца: Maurizio Geri / Twitter

Дроны былі запушчаныя з усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора. 13 беспілотнікаў сілы СПА збілі ў Адэскай вобласці, 1 – у Мікалаеўскай.

У выніку атакі было пашкоджанае прадпрыемства каля Адэсы, там узнік пажар, які да раніцы зліквідавалі. У самім горадзе былі чутныя выбухі. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма.

Паветраную трывогу абвесцілі ў рэгіёне ўжо пасля таго, як інфармацыя пра выбухі з’явілася ў сацсетках.

Апошні раз Расея атакавала Украіну беспілотнікамі ўначы 31 сакавіка. Тады іх запусцілі з Бранскай вобласці. 9 з 10 дронаў былі знішчаныя. У выніку таго нападу ў Харкаўскай вобласці пацярпелі дзве асобы, быў пашкоджаны цывільны аб’ект.

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 3 красавіка

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны