Беларусаў і расейцаў дапусцілі да міжнародных турніраў па гольфе пад нейтральным сцягам

Спартоўцы з Беларусі і Расеі змогуць выступаць пад нейтральным сцягам на міжнародных спаборніцтвах па гольфе. Як паведамляе ТАСС, такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя гольфа (IGF). 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Andres Kudacki / AP Photo / East News

Кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі гольфа (IGF) прыняло рашэнне дазволіць беларускім і расейскім спартоўцам выступаць на турнірах пад эгідай IGF пад нейтральным сцягам. Пры гэтым гульцы могуць выступаць толькі індывідуальна і адпавядаць усім правілам IGF і патрабаванням Міжнароднага алімпійскага камітэту.

«Могуць выступаць толькі ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў. Любы такі індывідуальны нейтральны спартовец, як і ўсе іншыя ўдзельнікі, павінен адпавядаць усім ужывальным да іх антыдопінгавых патрабаванням, выкладзеным у антыдопінгавых правілах IGF. Каманды Расеі і Беларусі на турніры не дапускаюцца».

Падчас спаборніцтваў для спартоўцаў з Беларусі і Расеі будуць усталяваны і пэўныя строгія абмежаванні з боку IGF: «Сцяг, гімн, колеры або любая іншая ідэнтыфікацыя гэтых краін не павінны дэманстравацца ні на адным спартыўным мерапрыемстве або сустрэчы, уключаючы месца правядзення. Спартсмены і дапаможны персанал, якія актыўна падтрымліваюць вайну, не могуць удзельнічаць у спаборніцтвах. Спартсменам, якія маюць кантракты з расейскімі або беларускімі ваеннымі структурамі або органамі нацыянальнай бяспекі, таксама забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах».

Прадстаўнікі IGF таксама паведамілі, што пакуль што не прынята рашэнне аб удзеле беларускіх і расейскіх гульцоў у алімпійскіх спаборніцтвах па гольфе, бо Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пакуль не прыняў рашэнні агулам наконт удзелу расейскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. IGF адклала разгляд гэтага пытання да прыняцця рашэння МАК.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны