«Я не супакоюся, пакуль не пасаджу яго». Беларуска паскардзілася на пагрозы сяброў гвалтаўніка на Балі

Беларуска Ева, якая стала ахвяраю гвалту на Балі, распавяла акалічнасці злачынства, і заявіла, што ёй пагражаюць сябры нападніка. Дзяўчына вымушаная хавацца – з дому яна выязджае толькі дзеля следчых дзеянняў, піша выданне «БалиФорум». У згвалтаванні беларускі падазраецца расеец Антон Сімутаў, ён арыштаваны.

«Пішуць дзіўныя акаўнты ў Telegram, у Instagram. Хутчэй за ўсё гэта ягоныя знаёмцы. Ён абяцаў, што хутка на Балі прыляцяць ягоныя ўсёмагутныя сябры. Ніхто не ведае, дзе я зараз перабываю, акрамя аднаго майго самага блізкага сябра. Я ўжо тыдзень не выходжу на вуліцу, езджу толькі ў паліцыю для следчых дзеянняў. Зачыняюся на ўсе замкі, шторы ўвесь час захінутыя. І ўвесь час хочацца мыцца», – прызналася Ева.

Грамадзянка Беларусі стала ахвяраю гвалту напрыканцы красавіка. Падазраваны – расейскі грамадзянін Антон Сімутаў, вядомы як Антон Ферамон. Ён арыштаваны паводле абвінавачвання ў вандалізме, збіцці і згвалтаванні.

Дзяўчына апавяла, што разам са сваім жаніхом пазнаёмілася з Сімутавым на Балі, той сказаў, што валодае буйной сеткаю кальянных у Пецярбурзе, а калі даведаўся, што Яна – псіхолаг, стаў прапаноўваць «раскруціць» яе, сцвярджаючы, што фінансуе розныя праекты.

Антон Сімутаў. Фота: anton.feromon / Instagram

Бізнесовец, паводле беларускі, запрашаў яе пагасцяваць на вілу з жаніхом, маўляў, бяры хлопца, сяброў: «Мы тут збіраемся з сябрамі, яны будуць удзельнічаць у праекце, у нас там будуць відэёграфы, фатографы».

Дзяўчына паехала адна, і тыя сябры хутка з’ехалі. «Хацела выклікаць таксоўку, каб таксама ўехаць, але ён вырваў тэлефон і выкінуў у басейн», – кажа Ева.

На віле ў той момант былі дзве дзяўчыны, адну з іх – Марыю – Сімутаў раней прэзентаваў як сваю дзяўчыну: «Лера і Марыя глядзелі на яго агрэсію, на абразы як на нешта звычайнае. Яны не былі здзіўленыя».

Газавы балончык і электрашокер: якія сродкі самаабароны дазволеныя ў Беларусі?

«Антон пачаў патрабаваць, каб я зняла сукенку, потым ударыў. Мы пачалі біцца. У нейкі момант ударыў вельмі моцна, я яму кажу: «Ты мяне заб’еш». Потым ён загадаў Машы сарваць з мяне сукенку, я не далася. Тады ён яе ўдарыў, за тое, што яна не дала рады. Лера тым часам прынесла нажніцы. Так-сяк яны разрэзалі маю сукенку, я засталася голая, ну і пачалося… Лера трымала мяне. Спачатку запалохвала, а потым здымала ўсё, што адбывалася, на відэа…» – успамінае беларуска.

Паводле яе, гвалт працягваўся вельмі доўга, а пад раніцу гэта здарылася яшчэ раз.

Збегчы не было магчымасці, запэўнівае Ева, увесь час побач былі або Антон, або гэтыя дзве дзяўчыны:

«Я чакала момант, калі Антон сыдзе куды-небудзь у іншую частку вілы. Пад вечар на другі дзень да яго прыйшоў нейкі сябар, і яны апынуліся ў далёкай частцы вілы, у басейна. Я пабегла ў спальню і замкнулася там. Потым вылезла праз акно і мяне на машыне павёз супрацоўнік вілы ў бяспечнае месца. Ужо адтуль я пайшла ў паліцыю. Мяне адправілі на гінекалагічны агляд, фатаграфавалі ўсё ў падрабязнасцях, потым далі напісаць заяву. Агулам мяне пратрымалі на віле 20 гадзінаў».

Леру і Марыю цяпер шукае мясцовая паліцыя.

Падазраваны ў забойстве беларускі ў Варшаве прызнаў віну

Як апавяла беларуска, на віле ўжывалі наркотыкі, ёй таксама іх давалі пад прымусам, таму нейкіх дробных падрабязнасцяў яна не запомніла.

Ева таксама кажа, што ёй напісалі іншыя ахвяры Сімутава, аднак ніхто з іх не захацеў звязвацца з паліцыяй: хто пабаяўся, ад кагосьці ён адкупіўся.

«У Антона вельмі добрыя сувязі былі, у яго ёсць нейкі сябар з структур, яны нібыта служылі разам. І ён не схлусіў, калі казаў, што ягоныя сябры прыляцяць на разборкі: яны сапраўды прыляцелі на Балі», – адзначыла дзяўчына.

Яна звярталася ў беларускую амбасаду, ці дапамаглі неяк там, не сказала.

«Калі ён зразумеў, што я збегла, даслаў мне ў Telegram сэрцайка. Пасля гэтага я яго паўсюль заблакавала. Я не дарую ім таго, што яны са мной зрабілі. Я не супакоюся, пакуль не пасаджу яго», – заявіла Ева.

Штогод у Беларусі мінімальна 12 тысячаў асобаў зазнаюць хатні гвалт. Дзе шукаць дапамогі?

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны