Кіраўнік МЗС Беларусі раскрытыкаваў ідэю мірнага саміту ў Швейцарыі

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў у інтэрв’ю «РИА Новости», што мірная канферэнцыя па Украіне, якая мае адбыцца ў чэрвені ў Швейцарыі, без удзел прадстаўнікоў Расеі і Беларусі не мае сэнсу.

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік падпісвае мемарандум аб далучэнні Беларусі да Шанхайскай арганізацыі супрацы. Менск, Беларусь. 4 ліпеня 2023 года. Фота: МИД Беларуси / X

«Я б адзначыў бесперспектыўнасць тых ініцыятываў, якія літаральна на днях гучалі са Швейцарыі па скліканні мірнага саміту, мірнай канферэнцыі па Украіне без удзелу Расеі.

Гэтая ініцыятыва не мае перспектывы, не мае сапраўды рэальнага дыпламатычнага сэнсу, таму што дасягнуць канкрэтнай дамоўленасці проста не наканавана», – заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік.

Паводле Алейніка, «любое мірнае ўрэгуляванне гэтага канфлікту і любыя, скажам так, абмеркаванні пытанняў еўрапейскай і еўразійскай бяспекі без удзелу і Расеі, і Беларусі, яны абсалютна бесперспектыўныя».

Мірная канферэнцыя, прысвечаная вайне ва Украіне, мусіць адбыцца ў Швейцарыі 15-16 чэрвеня. У заяве ўраду Швейцарыі падкрэсліваецца, што мэтай такога мерапрыемства зʼяўляецца «стварэнне агульнага разумення» таго, як дасягнуць «ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага свету для Украіны ў адпаведнасці з міжнародным правам і статутам ААН».

На канферэнцыю плануецца запрасіць прадстаўнікоў 80-100 краінаў свету, але ўдзел РФ і Беларусі на першым паседжанні не прадугледжаны. Пры гэтым у МЗС Швейцарыі прызнаюць, што ў далейшым Расею прыйдзецца запрасіць, бо «мірны працэс без Расеі немагчымы».

У МЗС Украіны пагаджаюцца з тым, што ў далейшым кантакты з Масквой будуць неабходныя, але першым этапе трэба кансалідаваць пазіцыі. Пры дапамозе саміту ў Швейцарыі афіцыйны Кіеў мае намер аб’яднаць міжнародную супольнасць вакол свайго мірнага плану і забяспечыць такім чынам дыпламатычны ціск на Расею. Масква і Менск рэзка крытыкуюць гэтую ініцыятыву.

Танцаваць ад Стамбулу. Навошта Пуцін кажа пра мірныя перамовы і ў чым роля Лукашэнкі

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны