Як беларускія «Kurwadziki» робяць Беласток great again. Вялікае інтэрв’ю з «Адкрыццём года»

Панк-гурт «Kurwadziki» назвалі «Адкрыццём года» на фестывалі беларускай музыкі ў эміграцыі «Uwaga!». Ды за маладым і перспектыўным гуртом стаіць 22-гадовая гісторыя, а з нядаўняга часу – цэлы музычны клуб. «Белсат» паразмаўляў з лідарам «Дзікоў» Антонам Сіроціным.

Антон Сіроцін, вакаліст і лідар гурту «Kurwadziki», на рэпетыцыйная кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Кельты прыплылі на Падляшша

«Kurwadziki» – беластоцкае «эмігранцкае» адгалінаванне менскага гурта «Всё_crazy», якое ўтварылася ў Беластоку ў канцы вясны 2023 года. «Всё_crazy» на сцэне з 2002 года, гурт запісаў тры альбомы і пяць самотнікаў, грае хуліганскі кельцкі панк на марскую тэматыку, свой стыль называе «sailor punk» – марак-панк.

«Всё_crazy» дагэтуль існуе паралельна з «Курвадзікамі». Лідар гуртоў Антон Сіроцін, які выступае пад мянушкай Сір, тлумачыць «Белсату», што палова гурту «Всё_crazy» жыве ў іншых гарадах, таму цяжка разам рэпетаваць і рабіць новы матэрыял. «Всё_crazy» грае толькі некалькі канцэртаў на год, і хоць стагнуе, але жыве.

«Калі я пераехаў сюды ў Беласток жыць, трэба было штосьці рабіць, – тлумачыць Сір. – Немагчыма ж так прыехаць і музыку не граць, я так не ўмею!»

Па пераездзе ён пачаў сам пісаць песні і граць у пабах, затым з ім пачалі выступаць іншыя музыкі, урэшце ўтварыўся трывалы склад: Сір, Рагаты, Мікалай І, Мікалай ІІ, а таксама сесійныя музыкі. Разам узялі назву «Kurwadziki».

Спачатку «Дзікі» выконвалі песні «Всё_crazy», але, кажа Сір, яны не пасавалі: «Всё_crazy» – гэта «трэш, чад і вельмі моцны драйв», а «Kurwadziki» – гэта больш глыбокая ўвага да музыкі, тэкстаў і тэмаў. І калі «Всё_crazy» пераважна расейскамоўныя, то «Kurwadziki» пераважна беларускамоўныя, выконваюць толькі некалькі старых расейскамоўных песень.

«Всё_crazy» – не «экстрэмісцкі» ці «палітычны» гурт. Хіба меў «нізкі мастацкі ўзровень» – забарону на канцэрты ў Менскай вобласці. Але, кажа Сір, гурт заўсёды граў вострасацыяльную музыку, проста алегарычную. Тлумачыць: панк – гэта заўсёды вострасацыяльны, як гэта ні хавай за народнымі інструментамі.

Сір пераглядвае спіс песень апошняга на сёння альбому «Всё_crazy» – «Мокрые слухи». Паказвае на песню «Завод» – кажа, «хапала такога ўсялякага». Яшчэ паказвае на «Дорога к морю» – гэта пра адсутнасць мора як сімвалу свабоды і незалежнасці.

«Мора для беларусаў – гэта быў заўсёды фетыш. Чаму беларусы павольныя такія троху, сур’ёзныя, сціснутыя такія? Таму што мора няма! – перакананы Сір. – Нікуды не зваліш, не скажаш „ідзіце вы ўсе да дупы, я ў мора“. А ў Беларусі не: прабачце, „ідзіце ўсе да дупы, я ў лес“ – гэта троху іншае».

З’ехаў, бо ў вёсцы і ў культуры не засталося амаль нікога

Праз месяц пасля выбараў-2020 «Всё_crazy» запісалі «Чуеш, як пяе народ?» – «Do You Hear the People Sing?» з мюзіклу «Les Misérables» у перакладзе Андрэя Хадановіча. Гэтую песню тады якраз спявалі студэнты на пратэстах. У той час, кажа Сір, ва ўсіх беларускіх музыкаў быў вялізны ўздым творчасці, пратэставай і не толькі, а ён якраз думаў запісаць «Чуеш, як пяе народ?» яшчэ годзе ў 2015-м з украінцамі «O’Hamsters».

За гэтую песню гурт не пераследавалі. Але за краты трапіў дудар Зміцер Шыманскі, які часам граў з «Всё_crazy». Яму не пашчасціла аказацца на дні народзінаў вакалісткі «Irdorath», куды наваліліся аўтаматчыкі, дык давялося ўцякаць з «хіміі». Сір кажа, сам «хадзіў па тонкай лініі», і хоць яго не затрымлівалі, адчуваў, што «ўсё роўна прыйдуць». Не хаваўся, але пераехаў з роднага Менску ў вёску – і ў 2022 годзе вырашыў з’ехаць за мяжу.

«Вымерла вёска, дзе я жыў. Усе з’ехалі! – згадвае ён. – У нас там у лепшыя гады трыццаць дзяцей бегала. А тут я ў жніўні стаяў вечарам, глядзеў – цёмна, нікога няма. Зразумеў, што я тут адзін і застаўся, трэба таксама ехаць».

То значыць, з’ехаў бы, нават калі б не спяваў пратэставы гімн? Сір разважае: беларуская культура ў Беларусі знаходзіцца ў жалосным стане. З 2022 года не чуў ніводнага цікавага рэлізу з Беларусі, не чуў ні пра якія напраўду цікавыя імпрэзы. Амаль усе хэдлайнеры з’ехалі, на іх месца прыйшлі расейцы. Пазачыняліся месцы, дзе можна было граць, а новых не адчынілася. Беларуская культура цяпер у эміграцыі – «таму і мы тут», рэзюмуе суразмоўца.

Антон Сіроцін, вакаліст і лідар гурту «Kurwadziki», на рэпетыцыйная кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Хоць «Чуеш, як пяе народ» у 2020 годзе «стрэліла», цяпер яе перасталі выконваць. Сір упэўнены, што яна страціла актуальнасць: ужо іншыя рэаліі, трэба «звяртацца да больш глыбокіх рэчаў».

«Працягваць мусіраваць тэму беларускай рэвалюцыі, на мой погляд, няма сэнсу. Яна і так ужо моцна адбілася ў нашых галовах і душах, гэта ўжо ніколі не пройдзе. А жыццё ідзе, трэба рабіць далей, – разважае Сір. – Не тармазіць сябе, а даваць штуршок наперад, да пераасэнсавання свайго разумення свету, свабоды, прыватнасці, асобы, самаідэнтычнасці, захавання ідэнтычнасці ў эміграцыі, інтэграцыі ў іншае асяроддзе… Гэта ўсё тое, што зараз вельмі актуальна і на што трэба звярнуць увагу не толькі музыкам».

А нічога, што «kurwa» – кепскае слова?

Назва «Kurwadziki» ўзнікла ад інтэрнэт-мему. Палякі часам вельмі эмацыйна рэагуюць на сустрэчы з дзікімі жывёламі – напрыклад, як у мемным відэа з бабром. Беларускіх эмігрантаў у Польшчы жа найбольш здзіўляюць дзікі, якія нярэдка заходзяць у гарады, як то ва Вроцлаў, Кракаў і Труймясце – а ў Беларусі ж дзікоў вынішчылі ў сярэдзіне 2010-х. Нават супольнасць беларускіх IT-спецыялістаў у Польшчы назвалася «Dzik Pic». Менавіта слова «курвадзік» папулярызавала «Filiżanka» – польская філія сеткі каналаў «Чай з малінавым варэннем».

Але ж слова «kurwa» – нецэнзурнае! Што калі дзеці пабачаць афішу гурта? Сір адказвае: у Польшчы ліберальнае стаўленне да лаянкі, цэнзура тут «размытая».

«Гэта ў нас проста крывадушна так: дзеці мацярацца так, каб бацькі не чулі, а бацькі мацярацца так, каб дзеці не чулі, – адзначае Сір. – А насамрэч усе лаяцца. Тут неяк усё менш крывадушна».

Маўляў, на мясцовай тэлевізіі спакойна «паказваюць піські», а палякі праз слова кажуць «kurwa». Ды і слова «kurwa», упэўнены ён, успрымаецца як лаянка толькі само па сабе, а ў камбінацыі з іншымі словамі – так, лёгкі вульгарызм.

Антон Сіроцін, вакаліст і лідар гурту «Kurwadziki» і гітарыст гурта Мікалай, на рэпетыцыйная кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Дзікі ў жыцці Сіра з’явіліся адтуль жа, адкуль кельцкая музыка: праз ролевыя гульні, якімі займаўся ў юнацтве. Рэканструявалі старажытных шатландцаў, ездзілі на фестывалі як беларускі шатландскі клан. Спявалі шатландскія і ірландскія песні, самі пачалі пісаць песні ў гэтым стылі. Дзік быў татэмнай жывёлай таго клану. Яшчэ каля 20 гадоў з’явілася стылізаваная выява дзіка, якая са сцягу клану перайшла на лагатып «Всё_crazy», а адтуль – у назву новага гурту.

Але дзікоў у дзікай прыродзе на Падляшшы Сір не бачыў. Смяецца: іх тут няма, бо калі дзік выйдзе ў горад, яго не будуць фатаграфаваць, як у ліберальным Гданьску, а адразу засмажаць і з’ядуць. Таму па Беластоку хіба вожыкі бегаюць.

Сучасная музыка стаіць на трох кітах, адзін з якіх ірландскі

«Kurwazdiki» пакуль не маюць ніводнага выдадзенага студыйнага запісу, але паспелі даць шэраг канцэртаў, працуюць над запісамі, не запісалі пакуль толькі вакал. Як запішуць, выдадуць асобныя песні, але выдаваць цэлы альбом не плануюць: у альбомах, калі толькі яны не канцэптуальныя, цяпер няма сэнсу, бо не трэба выдаваць музыку на дыску, касеце ці кружэлцы. А што выданне альбому надасць гурту саліднасць, як Сір кажа: «Саліднасць – гэта не пра нас, мы як былі расп**дзяямі, так і засталіся».

Спяваць плануюць пра жыццё на Падляшшы – і карэнных жыхароў, і эмігрантаў; пра жыццё на культурнай і экзістэнцыяльнай мяжы як адвечны лёс беларусаў. Сір кажа «памежны стан» і смяецца, бо гэта яшчэ і медычны дыягназ. Запэўнівае, што атрымаецца не тое самае, што было ў Вольскага на альбоме «Эмігранты».

Антон Сіроцін, вакаліст і лідар гурту «Kurwadziki» і гітарыст гурта Мікалай, на рэпетыцыйная кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Гучанне «Дзікоў» будзе больш акустычнае, чым у «Всё_crazy», і разлічанае на іншую аўдыторыю. Абяцае, што гэта будзе не той самы гурт, што быў раней, а «польскі адбітак, свінні падляскія». Будуць акустычная і паўакустычная гітары, бас, бубны, хіба яшчэ губны гармонік, два ці тры вакалы. Тлумачыць, што пачыналі з невялікіх пабаў, дзе поўны электрычны гурт гучыць кепска, ды і бубнача пэўны час не было. Цяпер хочуць захаваць больш «празрыстае» і чыстае гучанне, чым было ў «Всё_crazy». Але таксама фолк-панкавае з ухілам у ірландскае.

«Ёсць тры кіты, на якіх сучасная музыка ўся стаіць: гэта ірландская музыка, негрыцянская музыка і класічная заходняя музыка, – лічыць Сір. – Як папулярная музыка, так і рок-музыка базуецца на гэтых трох напрамках».

Ён бачыць музыку так: сумесь ірландскага фолку і афра-амерыканскага блюзу – гэта кантры; класічнай музыкі і таго ж блюзу – гэта соўл і госпэл; стыль R&B захаваў рытміку і мелодыку рэпу, але мае ўжо ірландскія гармоніі…

Але ірландскі фолк вельмі падобны да беларускага, толькі «са знакам мінус»: ірландская музыка збольшага мажорная, а беларуская пераважна мінорная. Калі перакінуць беларускі фолк у мажор і паскорыць у два разы, атрымаецца ірландская, кажа Сір. І польскі фолк падобны, і скандынаўскі, бо гэта «больш-менш адзіны культурны пласт у музыцы».

Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея

Беласток – як Маладзечна, у якога атрымалася

А чаму аселі ў Беластоку, дзе не надта паплаваеш, калі «Всё_crazy» столькі спявалі пра мора? Чаму не на моры, як у тым жа Гданьску, ці, раз ужо дзікі, то ў Свінауйсці? Сір адказвае: па-першае, на моры вельмі дорага жыць, у Беластоку танней, ды і легалізавацца прасцей. А па-другое, Беласток найменш адрозніваецца ад беларускіх гарадоў. Маўляў, Беласток – «Маладзечна на максімалках»: так выглядалі б Маладзечна ці Бабруйск, калі б у 1994 годзе ў Беларусі ўсё адбылося інакш.

У Беластоку Сір бачыць мінімальнае адрозненне ў культурным кодзе: тут, на Падляшшы, ад нараджэння жыве шмат этнічных беларусаў, яны маюць беларускія школы і час ад часу размаўляюць па-беларуску, ладзяць усялякія беларускія імпрэзы, дзяржава іх падтрымлівае. Ды і шмат беларусаў пераехала: па адчуваннях Сіра, у Беластоку ўжо «палова Горадні». Хіба менчукоў цягне ў сталіцу – Варшаву. Але здарма: культурнае жыццё, нагадвае суразмоўца, ёсць і ў Беластоку, які, між іншым, лічыцца «блюзавай сталіцай Польшчы».

«У нас такая мэта: зрабіць Беласток great again, – жартуе Сір з адсылкай да выбарчай кампаніі мінулага прэзідэнта Злучаных Штатаў. – У тым сэнсе, што Беласток і так самы беларускі горад у свеце, а мы хочам зрабіць яго яшчэ і беларускай культурнай сталіцай у Польшчы. Спачатку ў Польшчы».

Сір не адчувае сябе эмігрантам у Польшчы. Мае карту паляка, называе сябе калі не рэпатрыянтам, то проста рэлакантам. Ужо не раз «Kurwadziki» гралі для чыста польскай аўдыторыі – засталіся пазітыўныя ўражанні. Як кажа Сір, палякі разумеюць палову словаў, дык ім ужо добра, на канцэртах паводзяць сябе больш адкрыта, гатовыя плаціць музыкам. І ў Польшчы агулам больш камерцыйных магчымасцяў для музыкаў.

Пакуль Сір не зразумеў, як карыстацца гэтым рэсурсам, але ўяўляе, што мог бы зарабляць, граўшы для польскай аўдыторыі: набыць мікрааўтобус і ездзіць па мястэчках і вёсках з лягчэйшай фолкавай музыкай, змяшаўшы ў рэпертуары ірландскае, польскае і беларускае.

Антон Сіроцін, вакаліст і лідар гурту «Kurwadziki», на рэпетыцыйная кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Нават, заўважыў Сір, польскія і літоўскія беларусы-эмігранты пачынаюць адрознівацца: у Польшчы толькі пачынаюць граць, «паб на вушах, бар гарыць», а ў Літве – проста як у Беларусі – хіба на шостай песні слухачы пачынаюць варушыцца, пераступаць з нагі на нагу.

Таксама суразмоўца заўважыў культурныя адрозненні між Украінай і Расеяй, дзе некалі выступаў з «Всё_crazy». Ва Украіне ўразіўся тым, як на першым жа канцэрце ім падпявалі: хоць там гурт ніхто нібы не ведаў, але дзесьці, відаць, паслухалі запісы. Расея ж уразіла «калямузычнымі прыгодамі» з пскоўскімі дэсантнікамі, «жанчынамі нізкай сацыяльнай адказнасці і стромнай знешнасці» пад Цвер’ю, беспаспяховымі спробамі знайсці незасмечанае месца на Волзе… Ва Украіне, кажа, заўсёды было весела, «жыццё – рок-н-рол», а ў Расеі змрочна, таму там выступалі няшмат.

Але ў Беларусі, дадае Сір, можа быць не горш, як у Польшчы: хоць у апошнія 20 гадоў калі штосьці музычнае ладзілі, дык «не дзякуючы, а насуперак», але што ладзілі, тое «было супер». І калі не ставіць па перыметры міліцыянтаў, дык і людзі на фэстах будуць адкрытыя, разняволяцца, перастануць жыць з заціснутымі зубамі.

Музычны клуб пачаўся з патрэбы ў піяніна і адсутнасці піва

Беларусы, расказвае Сір, у Беластоку не трымаюцца разам, а, як і ўсюды, трымаюцца паасобку, і толькі калі нешта здараецца, дапамагаюць адно аднаму. Не жывуць такімі шчыльнымі кампаніямі, як тыя ж украінцы, а намагаюцца як мага хутка інтэгруюцца ў польскае асяроддзе – менш адрознівацца, але захоўваць сваю ідэнтычнасць.

Выходзіць, аўдыторыі ў Беластоку хопіць на некалькі беларускіх гуртоў, але, паводле суразмоўцы, не ўсе ведалі, дзе што адбываецца. Хіба чулі, што нейкія курсы і імпрэзы адбываюцца ў хабе «Новая зямля», але думалі, што гэта для «вузкага кола змагароў». Сір спадзяецца гэта змяніць праз створаны летась Беластоцкі музычны клуб.

«Спачатку гэта было пабнай тэмай: у мяне не было піяніна, каб граць блюз, – згадвае ён гісторыю заснавання клубу. – Я хадзіў у кавярню з піяніна, але там не налівалі піва, гэта не тое. Таму мы з хлопцамі набылі старэнькае піяніна, прэзентавалі яго пабу, наладзілі, пачалі граць каверы нейкія, блюз нейкі».

Потым прыехаў гітарыст «Всё_crazy», які адразу перакваліфікаваўся ў басіста, затым прыехаў гітарыст з Варшавы, за ім сталі падцягвацца іншыя музыкі. Згуртаваліся музыка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава, Дзядзенька (Улад Бернат) з гурта «Dzieciuki», Вожык (Ігар Палынскі), Бізон (Антон Шаранкевіч)… Атрымалася суполка, якая па чацвяргах грала ў пабе ва ўласную асалоду.

Падумалі: а чаму проста так збіраемся, калі ў нас клуб, дык чаго не развіваць ідэю? Зарэгістравалі культурнае таварыства «Гэныя», сталі запрашаць іншых музыкаў, ахвочых граць у Беластоку, пачалі з канцэртаў на ахвяраванні, затым сталі прасіць мінімум 10 злотых за ўваход, па 30… Самы дарагі канцэрт быў за 50 злотых – «Разбітае сэрца пацана» ў сакавіку сабрала поўную залу.

Сябруюць і з іншымі беларускімі музыкамі: часта выступалі з тымі ж «Дзецюкамі», прымалі ў клубе этна-электронны праект «Yaugen», чакаюць у клуб «Irdorath», гралі разам з падляскім гуртом «Wandrownik» і мазурскім «Molly Malone’s», увесь час кантактуюць з Аляксандрам Памідоравым (і дамовіліся спяваць ягоную песню «Радыё (20.12.2010)»), радыя былі пабачыцца з Алесем-Францішкам Мышкевічам

Афішы канцэртаў гурта «Kurwadziki» і чальцоў Беластоцкага музычнага клубу, якія вісяць на сцяне ў рэпетыцыйнай кропцы. Беласток, Польшча. 30 красавіка 2024 года. Фота: Белсат

Цяпер клуб – гэта рэпетыцыйная кропка, на якой грае паўтузіна «пастаянных рэзідэнтаў», беларускі паб «Beer4u» як асноўнае месца імпрэзаў (пераважна акустычных), дамовы з буйнейшымі пляцоўкамі для «поўнагукавых» канцэртаў. Бракуе хіба піяршчыка, рэкламу робяць бясплатную і сваімі сіламі. І не могуць гарантаваць іншагароднім гасцям, што тыя ўвязуць з Беластоку нейкі заробак (сам Сір зарабляе тым, што займаецца гукам у відэагульнях), але канцэрты прынамсі не робяць «сабе ў мінус».

У клубе будуць радыя вітаць новых музыкаў. Нават калі рэпетыцыйная кропка не пасуе для электроннай музыкі, могуць дапамагчы адшукаць месца для рэйву. Бо, як кажа Сір, «мы за любы варушняк».

Сяргей Пукст – пра эміграцыю, запатрабаванасць, постсавецкасць і гідкае альтэр-эга. Вялікае інтэрв’ю

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны