Расея ўчыніла трэцюю за содні паветраную атаку на Харкаў

Расейская армія працягвае тэрарызаваць Харкаў: увечары 4 траўня горад зазнаў чарговы паветраны ўдар – ужо трэці за апошнія содні.

Ратаўнікі ліквідуюць пажар пасля ракетнага ўдару па Харкаву ўдзень 4 траўня. Фота: mvs_ukraine / Telegram

«Акупанты зноў ударылі па Харкаву», – паведаміў увечары 4 траўня кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў.

Паветраныя сілы ЗСУ раней заявілі пра пагрозу выкарыстання балістычнага ўзбраення з усходу.

«Суспільне» паведамляе, што ў Харкаве прагрымеў выбух. Пакуль пра пацярпелых і разбурэнні нічога не паведамляецца.

Гэта ўжо трэці ўдар па Харкаву за апошнія содні. У ноч на 4 траўня расейцы атакавалі горад беспілотнікам: у выніку пацярпелі 4 асобы.

Удзень агрэсар ударыў ракетаю па цывільнаму прадпрыемству, дзе распачаўся буйны пажар. Шасцёра чалавек атрымалі раненні. Таксама былі зафіксаваны «прылёты» кіраваных авіяцыйных бомбаў.

Рыхтаванне да вялікага наступу ці проста тэрор? Якія ў Пуціна планы на Харкаў

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны