«Рускі салдат ваюе за наш свет». У школах плануюць паказаць відэа «духоўніка Лукашэнкі»

На сайце Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы апублікавалі відэа протаіерэя Фёдара Поўнага, дзе ён фактычна агітуе падтрымліваць Расею ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Гэтае відэа рэкамендавана для правядзення асветніцкіх урокаў ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Фёдар Поўны. Скрыншот з відэа Церковь, образование и просвещение / YouTube

7 і 8 траўня 2024 года ва ўсіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь пройдзе адзіны ўрок, прысвечаны Дню Перамогі. Як зазначаецца на сайце Гомельскай епархіі, да правядзення адзінага ўроку рэкамендаваны відэаматэрыял, падрыхтаваны протаіерэем Фёдарам Поўным – яго называюць «духоўнікам Лукашэнкі».

У відэароліку Поўны распавядае пра «прыгажосць духоўнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне» і пра тое, як у атэістычным СССР з дазволу Сталіна «паўсюдна святкавалі Вялікдзень». Аднак таксама ён звяртаецца да цяперашніх падзеяў.

«Цяпер, дзякуй Богу, у Беларусі, на нашай зямлі, мірна. Але рускі салдат, як і тады, ваюе і за наш свет», – заявіў «духоўнік Лукашэнкі».

Поўны кажа, што цяпер хлопцы добраахвотна ідуць на фронт, таму што ў іх дзяды і прадзеды абаранілі сваю радзіму.

«Давайце пажадаем перамогі! І каб сёлета нацызм быў зламаны. Пасля новай перамогі новыя героі прыйдуць і да вас у школы, каб гаварыць пра тое, што такое радзіма і як яе абараняць», – заявіў протаіерэй.

Фёдар Поўны ў сваім роліку прама не згадвае Украіну, але фактычна агітуе за перамогу Расеі ў яе агрэсіўнай вайне.

Спецдакладчыца ААН: катаванні – частка дзяржаўнай палітыкі РФ ва Украіне

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны