Ці адчыніць Польшча памежныя пераходы?

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Відавочна, што польскі бок мае жаданне размаўляць на гэтую тэму, але Лукашэнка мусіць зрабіць пэўныя крокі.

Указальнік на Баброўнікі ў Мастаўлянах. На заднім плане – умацаваная памежная застава. 6 ліпеня 2022 года. Фота: Пётр Яворскі / Белсат

Намеснік старшыні польскага Сенату Мацей Жыўна (падляскі ваявода ў 2007–2014 гадах) заявіў нядаўна, што звернецца да польскага Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання (MSWiA) з прапановаю разгледзець магчымасць адкрыцця хаця б аднаго памежнага пераходу на мяжы з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве.

Такім чынам Жыўна рэагуе на зварот да польскага парламенту польскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход» («Zjednoczony Wschód»), якое дамагаецца адкрыцця памежных пераходаў, а ў першую чаргу Баброўнікаў. Акрамя гэтага, яны дамагаюцца пакрыцця стратаў у выніку закрытых межаў. Шмат хто адчыняў карчмы, гатэлі і крамы толькі на патрэбу памежнага руху.

Для шмат каго з жыхароў гэтага рэгіёну мяжа была асноўнаю крыніцаю даходу.

У Падляскім ваяводстве наракаюць на несправядлівасць. Маўляў, памежны пераход у Тэрэспалі працуе, а ў Баброўніках і Кузніцы не. Пра патрэбу адкрыцця прынамсі аднаго з гэтых памежных пераходаў кажуць і палітыкі мясцовага самакіравання.

Не сакрэт, што зачыненыя памежныя пераходы – вялікая праблема і для жыхароў Гарадзеншчыны, якім даводзіцца ехаць у Польшчу праз Літву альбо Берасце.

Адпаведнае рашэнне ўлады ў Варшаве могуць прыняць на працягу аднаго дня. Праблема ў іншым. Жадання выводзіць краіну з ізаляцыі няма ў Менску.

Варта прыгадаць, што памежны пераход у Кузніцы польскі бок зачыніў два гады таму ў адказ на справакаваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс на мяжы.

Лагічна было б, чуючы галасы з Варшавы пра патрэбу адкрыцця памежных пераходаў, неадкладна спыніць там правакацыі. Але ў Менску не пераймаюцца тым, што беларусы ездзяць у Польшчу, стоячы ў вялізных чэргах альбо накручваючы больш за тысячу кіламетраў. Інакш складана зразумець тое, што сёння адбываецца.  Толькі за апошнія дні было амаль 500 спробаў нелегальнага мінуць мяжу. Паводле афіцыйных звестак польскай Памежнай аховы, у памежнікаў нелегальныя імігранты кідаюць камянямі, галінамі. У выніку аднаго памежніка паранілі.

Ці магчымая такая сітуацыя на беларуска-польскай мяжы без згоды Лукашэнкі? Не.

Варта таксама прыгадаць, што пераход у Баброўніках зачынілі яшчэ папярэднія польскія ўлады ў адказ на прысуд Анджэю Пачобуту, журналісту і аднаму з лідараў польскай меншасці ў Беларусі (лукашэнкаўскі суд пакараў яго васьмю гадамі няволі).

Анджэй за кратамі застаецца больш за тры гады. Не думаю, што без вызвалення Пачобута сённяшняя польская кіроўная кааліцыя адчыніць памежны пераход у Баброўніках. Справа абароны палякаў па-за межамі краіны – хіба адна з нешматлікіх тэмаў, якая аб’ядноўвае ўсе палітычныя сілы ў Польшчы. У Менску пра гэта добра ведаюць, але чамусьці ігнаруюць. Нельга выключаць, што пэўныя рашэнні Менску стымулюе трэцяя сіла. У Маскве ніхто не зацікаўлены ў паслабленні ізаляцыі Беларусі.

«Ідзе закуліснае абмеркаванне». Што азначае візіт Борыс у Варшаву і яе сустрэча з Пачобутам у турме

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў