МУС Украіны: «Украінская выведка на сувязі з захопленымі ў палон байцамі «Азова»

Міністр унутраных справаў Украіны паведаміў, што ва Украіне трымаюць кантакт з палоннымі байцамі «Азова». Дзяніс Манастырскі ў тэлеграм-канале МУС заявіў, што ўкраінскія спецслужбы маюць сувязь з вайскоўцамі палка, якія трапілі ў палон у паўднёвым партовым горадзе Марыупаль.

Эвакуацыя ўкраінскіх байцоў з «Азоўсталі». Фота: novoeizdanie.com

Па-ранейшаму застаецца фактычна невядомым лёс сотняў байцоў «Азова», якія трапілі ў расейскі палон, пасля таго як яны доўгі час пратрымаліся на акружаным сталеліцейным заводзе «Азоўсталь» у Марыупалі. Вядома, што іх вывезлі на падкантрольную Расеі тэрыторыю Украіны. Украіна заклікала да абмену палоннымі, але некаторыя ў Расеі – у тым ліку намеснік міністра замежных справаў – заявілі, што іх трэба аддаць пад суд.

Кіраўнік МУС Украіны паведаміў, што ўкраінская выведка трымае сувязь з палоннымі жаўнерамі і робіць намаганні для іхнага абмену або вызвалення.

«Менавіта праз іх (выведку. – Заўв. belsat.eu) мы даведаемся больш пра ўмовы іхнага жыцця, харчаванне і магчымасці вызвалення. Мы ўсе ведаем, што яны рана ці позна апынуцца тут, у Кіеве, і мы зробім усё, каб гэта адбылося», – заявіў Дзяніс Манастырскі.

«Здача ў палон» ці абмен? Маці і жонкі абаронцаў «Азоўсталі» застаюцца ў няведанні і баяцца расстрэлаў

Нагадаем, што ўвечары 16 траўня пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў украінскі бок заявіў пра пачатак аперацыі дзеля выратавання абаронцаў «Азоўсталі». Станам на 20 траўня прыкладна 1700 жаўнераў трапілі ў расейскі палон.

Раман Лугоўскі, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны