«На зялёным калідоры ніякага руху». Польшча забараніла выпускаць тавары ў Беларусь?
2024.07.04 16:21
Людзі на мяжы скардзяцца, што ў новым спісе больш за 200 старонак і што можна везці, а што не – ніхто толкам не ведае.
Пункт пропуску ў Берасці («Варшаўскі мост»). Фота: Мілана Харытонава / Белсат
Польскія памежнікі пры гэтым спасылаюцца на пастанову ЕЗ 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года «аб абмежавальных захадах з улікам сітуацыі ў Беларусі і ўдзеле Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Вось што паведамляюць людзі ў чатах:
«забаронена практычна ўсё. Машыны на разварот і едуць здаваць тавар. З дазволенага – толькі розная «драбяза» накшталт ежы, лекаў і парашкоў. З тэхнікі – нічога».
«Расклад такі (як у мяне). Праз зялёны паралельна мне людзі праязджалі з таварам (машыны былі з таварам). Прыязджаеш на ватавы канал, мытня правярае, што вязеш, і вяртае назад у Польшчу. Ужо хвілінаў 15-20 праз зялёны ніхто не едзе, складана сказаць, ці будуць далей з таварам прапускаць праз зялёны. Я на разварот».
«Мытня кажа, што нічога нельга. Са словаў мытні, мытня павінна адбіць VAT, адправіць на кантроль і выклікаць паліцыю. І тыпу робяць яны добрую справу, што проста вяртаюць – без паліцыі і штрафу».
«З 4 ліпеня беставарны выезд з Польшчы. Мытня ў Тэрэспалі больш не пацвярджае “Tax Free”. На зялёным калідоры ў машынаў правяраюць вываз тавару (тэхніка, запчасткі). Нават без афармлення “Tax Free” не прапускаюць».
«Тэлефанаваў на мяжу ў Белай [Падляскай] і Тэрэспалі, пацвердзілі, што VAT не адбіваюць. На запыты «чаму?» кажуць, што загад з Варшавы, туды і тэлефануйце».
«Новая змена на мытні сказала, што ў сувязі з 14-м пакетам санкцыяў зараз увоз толькі беставарны. У спісе больш за 200 лістоў, і што можна, а што не – ніхто толкам сказаць не можа. Усіх з таварамі вяртаюць назад у Польшчу. Поўная блытаніна».
«Наколькі я разумею, любая тэхніка пад забаронай, нават без VAT».
Нагадаем, новы пакет санкцыяў уводзіць абмежаванні на экспарт тавараў, якія маглі б «спрыяць павелічэнню прамысловага патэнцыялу Беларусі».