Над Крымам уначы на 4 жніўня збілі 13 дронаў. Беспілотнікі атакавалі таксама Новарасійск

Уначы з 3 на 4 жніўня над Крымам былі збітыя 13 украінскіх беспілотнікаў, піша «Sputnik» са спасылкай на Міністэрства абароны РФ.

Беспілотнік. Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Аappp/Shutterstock/Fotodom

ЗСУ выкарыстоўвалі беспілотныя лятальныя апараты самалётнага ўзору, сцвярджае расейскае вайсковае ведамства:

«Дзяжурнымі сродкамі СПА знішчаныя 10 БПЛА. Яшчэ тры беспілотнікі праціўніка былі збітыя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы».

Разбурэнняў і пацярпелых няма.

У Крыме дзейнічае жоўты ўзровень тэрарыстычнай небяспекі. На мінулым тыдні, паводле Міністэрства абароны РФ, Крым атакавалі 25 беспілотнікаў. СПА знішчылі 16 БПЛА, яшчэ 9 былі збітыя з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Таксама дроны зазналі катастрофу ў акваторыі Чорнага мора ў ваколіцах мысу Тарханкут. Пацярпелых і разбурэнняў таксама няма.

Пра стральбу і запускі ракетаў у сярэдзіне ночы паведамлялі таксама жыхары гораду Феадосія, што размяшчаецца на ўсходзе Крыму.

Разам з Крымам уначы з 3 на 4 жніўня марскімі дронамі быў атакаваны горад Новарасійск – буйны расейскі чарнаморскі порт. Губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрац’еў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што пацярпелых і разбурэнняў у выніку атакі двух марскіх беспілотнікаў на Новарасійск няма. Міністэрства абароны РФ паведаміла, што два надводныя беспілотнікі спрабавалі ўдарыць па вайскова-марской базе ў Новарасійску, аднак былі збітыя з вартавых караблёў.

Адначасова з заявамі ўладаў, што разбурэнняў у выніку атакі няма, у тэлеграм-каналах з’явіліся кадры, на якіх бачна, як буксуюць падбіты дэсантны карабель «Аленягорскі гарняк». Пра пашкоджанні карабля афіцыйна нічога заяўлена не было, аднак некаторыя Z-блогеры прызналі гэты факт і паказалі відэа з нахіленым на бок «Аленягорскім гарняком». А канал @astrapress апублікаваў меркаваны момант атакі надводнага дрону на карабель.

Новарасійск – галоўны расейскі порт на Чорным моры і вайскова-марская база. Горад месціцца на адлегласці ў крыху большай за 100 кіламетраў ад Керчанскай пратокі і Крымскага мосту.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны