У Польшчы затрымалі 16-га падазраванага ў справе аб шпіянажы. Ім аказаўся беларус

Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала 16-га падазраванага ў справе аб расейскай шпіёнскай сетцы. Арыштаваны – грамадзянін Беларусі Міхаіл А.

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: abw.gov.pl

Пра чарговае затрыманне ўдзельніка расейскай шпіёнскай сеткі распавёў у Twitter міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі.

Паводле польскіх службаў, беларус займаўся выведкай датычна польскіх вайсковых аб’ектаў і партоў, а таксама прапагандай на карысць Расеі, за што сістэматычна атрымліваў узнагароджанне.

Мужчыну затрымалі 1 жніўня. Яму 39 гадоў, яго клічуць Міхаіл А. Раней ён жыў у Расеі, у 2008–2010 гадах працаваў у Маскве, пазней пераехаў у Санкт-Пецярбург. Быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў РФ.

У 2021 годзе Міхаіл А. прыехаў у Польшчу і звязаўся з каардынатарам шпіёнскай сеткі. У хадзе сваёй дзейнасці мужчына часта мяняў сродкі сувязі і знішчаў за сабой сляды.

У Польшчы затрыманыя 22 шпіёны з Беларусі і Расеі

Пасля затрымання беларус часткова прызнаўся ў здзейсненых злачынствах. Суд арыштаваў яго на тры месяцы.

Раней у справе аб шпіянажы на карысць Расеі былі затрыманыя 15 чальцоў сеткі – грамадзяне Расеі, Беларусі і Украіны.

Польскія спецслужбы паведамляюць, што расследаванне ў справе аб расейскай шпіёнскай сетцы працягваецца, і не выключаюць, што яшчэ будуць арышты.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны