Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 верасня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 193-і дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 49 500 чалавек забітымі.

За содні расейцы нанеслі больш за 10 ракетных і больш за 24 авіяцыйныя ўдары па вайсковых і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Украіны. Пры гэтым адзначаецца, што праз недахоп высокадакладнай зброі расейцы пачалі часцей выкарыстоўваць для абстрэлаў тэрыторыі Украіны састарэлыя ракеты комплексаў С-300. За ўвесь час праціўнік выпусціў больш за 500 такіх ракетаў, частка якіх не даляцела да цэлі.

Разам з тым расейцы працягнулі артылерыйскія абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў на вялізным участку фронту ад Чарнігаўскай да Мікалаеўскай вобласцяў.

Наземныя аперацыі цягам апошніх содняў расейскі бок праводзіў толькі на данецкім участку фронту: варожыя атакі былі адбітыя каля населеных пунктаў Багародзічнае, Пасіка, Даліна, Бахмут, Пакроўскае, Бахмуцкае, Піскі і Первамайскае.

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла 6 удараў па жывой сіле і тэхніцы праціўніка, а артылерыя ЗСУ працягнула супрацьбатарэйную барацьбу па ўсёй лініі сутыкнення.

Пры ўсім гэтым Генштаб ЗСУ па-ранейшаму нічога не паведамляе пра свае наземныя аперацыі, таму адсочваць іх даводзіцца па іншых крыніцах. Так, паводле былога міністра абароны так званай ДНР Ігара Гіркіна, украінскія войскі вызвалілі населеныя пункты Благадатаўка Херсонскай вобласці і Любаміраўка Мікалаеўскай вобласці. Таксама паведамляецца, што ЗСУ наступаюць на Белагорку, спрабуючы пашырыць плацдарм для наступу каля ракі Інгулец.

Інфармацыйнае агенцтва УНІАН піша, што ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі ад акупантаў Азёрнае ў Данецкай вобласці. Таксама раніцай 4 верасня быў узняты сцяг Украіны над больніцай у Высакаполлі Херсонскай вобласці.

Тым часам Офіс генеральнага пракурора Украіны агучыў звесткі пра загінулых і параненых дзяцей. Гэтак, станам на 4 верасня, ва Украіне ў выніку вайны загінулі 382 дзіцяці, 740 атрымала раненні. Найбольш пацярпелі дзеці ў Данецкай вобласці, на Харкаўшчыне і Кіеўшчыне. Яшчэ больш за 7 тысяч украінскіх дзяцей былі незаконна вывезеныя на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі.

У Крыме бабахае. Ці праўда, што адтуль масава з’язджаюць расейцы?

BK belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату