У Беларусі курс долара другі дзень запар абнаўляе максімум

Долар падаражэў да 3,3327 рубля – такі курс на заўтра вызначыў Нацбанк, і гэта новы рэкорд. Папярэдні максімум быў дасягнуты 3 кастрычніка, калі курс амерыканскай валюты вырас амаль на тры капейкі, да 3,3326 рубля.

Беларускія рублі і долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

Курс долара на заўтра вырас да 3,3327 рубля, другі дзень запар абнаўляючы гістарычны максімум у Беларусі. Сёння амерыканская валюта падаражэла на 0,0001 рубля. 3 кастрычніка курс долара павялічыўся амаль на тры капейкі.

Курс еўра на заўтра вырас на 0,0045 рубля – да 3,4983 рубля.

На мінімальныя 0,0003 рубля падаражэў расейскі рубель. Заўтра за 100 расейскіх будуць даваць 3,3542 беларускага рубля.

Праяданне валюты працягнецца. Беларусі прадказалі рост дэфіцыту вонкавага гандлю

Перадапошняя хваля падаражэння валютаў адзначалася летась на фоне шокаў, выкліканых пачаткам вайны ва Украіне. У сакавіку долар паставіў тагачасны рэкорд, падаражэўшы да 3,3195 рубля. Еўра тады каштаваў 3,6670 рубля.

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук тлумачыў «Белсату», што курс валютаў у Беларусі ад Беларусі не залежыць: фактычна цану долара і еўра ў нашай краіне вызначае Расея.

«Расейскі рубель для нас можна ўявіць як нейкі карабель, якім мы рухаемся. Вось карабель рухаецца, і мы рухаемся. Але мы самі яшчэ можам рухацца ў межах гэтага карабля. Галоўны чыннік у нашым выпадку – рух расейскага рубля-карабля. На жаль, мы да гэтага рубля прымацаваныя», – патлумачыў эканаміст.

«Дэвальвацыя ідзе малымі крокамі». Долар сёлета падаражэў у Беларусі на 18 %

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны