ЗША заўважылі схаваную мабілізацыю ў Расеі

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што Расея працягвае мабілізацыю, нягледзячы на афіцыйныя заявы пра яе сканчэнне. Але цяпер яна схаваная. Пра гэта гаворыцца ў чарговай справаздачы аналітыкаў.

Прызыўнікі тэрміновай службы на чыгуначным вакзале Екацярынбурга. 15 лістапада 2018 года. Фота: Данат Сарокін / TASS / Forum

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што Расея працягвае схаваную мабілізацыю. Яна праводзіцца пад выглядам фармавання «добраахвотніцкіх частак», гаворыцца ў справаздачы Інстытуту.

«Расейскія ваенныя чыноўнікі, верагодна, у кароткачасовай перспектыве працягнуць схаваную мабілізацыю, а ў доўгатэрміновай – будуць весці крыптамабілізацыю ў выглядзе, напрыклад, фармавання добраахвотніцкіх частак», – адзначаецца ў паведамленні.

Вывучыўшы інфармацыю абедзвюх бакоў канфлікту, аналітыкі канстатуюць, што шмат мабілізаваных, якія яшчэ ў тыле, расейская армія не можа забяспечыць ані трэнаваннямі, ані рыштункам, а падчас – і ежай. А рэзервістаў, якіх ужо накіравалі на фронт, расейскае камандаванне выкарыстоўвае, як выглядае, нерацыянальна.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін абвесціў мабілізацыю, названую частковай, 21 верасня. Паводле афіцыйных заяў, у расейскую армію забралі 300 тысяч рэзервістаў, хаця пункт указа Пуціна пра гэта засакрэчаны.

28 кастрычніка міністр абароны Сяргей Шайгу адсправаздачыўся пра завяршэнне мабілізацыі. Пры гэтым прэзідэнт Расеі не падпісаў адпаведны ўказ. Юрысты кажуць, што без такой пастановы юрыдычна прызыў рэзервістаў можа ўзнавіцца ў любы момант.

З 300 тысяч мабілізаваных расейцаў у зону баявых дзеянняў адправіліся ўжо 87 тысяч чалавек

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны