За лістапад кошты на айчынную садавіну і гародніну скараціліся, але выраслі на прывазныя

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) зазначае, што паводле звестак прафсаюзнага маніторынгу цэн, які прайшоў у лістападзе 2022 года ў 129 раёнах Беларусі, цэны на некаторыя віды прадуктаў знізіліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Так, за месяц цана набору прадуктаў харчавання, якія выкарыстоўваліся ў апошнія гады для разліку спажывецкага кошыка для сям’і з чатырох чалавек, склала 730,3 рубля. Гэта на 1,07% менш, чым у кастрычніку 2022 года, зазначаюць у ФПБ.

У канцы лістапада спецыялісты ФПБ праверылі больш за 250 магазінаў і адзначылі, што прадаўжаецца падзенне коштаў на плодаагароднінную прадукцыю айчыннай вытворчасці і адзначылі, што гэта мае сезонны характар. «Але калі параўноўваць сітуацыю на спажывецкім рынку з лістападам мінулага года, то мы бачым зніжэнне кошту буракоў, бульбы, цыбулі больш як на 30%. Відавочна, што намячаецца тэндэнцыя памяншэння коштаў», – заявіла намесніца старшыні ФПБ Алена Манкевіч.

Паводле яе слоў, за месяц (лістапад да кастрычніка) грачаныя крупы патаннелі на 11%, аўсяныя – на 8%, прасяныя – на 5,5%. Кошт мукі знізіўся больш, чым на 5%, алею – на 3,6%.

Разам з тым у лістападзе, у параўнанні з кастрычнікам, стала даражэй прывазная гародніна: перац салодкі, памідоры, агуркі. Зафіксаваны і нязначны рост спажывецкіх коштаў на свініну, сыр, яйкі курыныя, тварог, куры.

Кошт шэрагу іншых запатрабаваных у насельніцтва тавараў, напрыклад, рыбы, хлеба, масла сметанковага, малака, кефіру, каўбасных вырабаў, у асноўным практычныя не змянілася.

Таксама адзначаецца розніца ў кошце прадуктаў у залежнасці ад рэгіёну. Так, калі ў сярэднім па краіне цана набору прадуктаў харчавання, неабходнага для сям’і з чатырох чалавек, склала 730,3 рубля, то ў Менску яна вышэйшая – 758,19 рублёў. У Гомельскай вобласці кошт гэтага набору прадуктаў быў самым нізкім з усіх рэгіёнаў краіны.

Ад голаду не памром, але выбар памяншаецца. Паглядзелі, што змянілася ў крамах ад рэгулявання коштаў

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны