У малога і сярэдняга бізнесу растуць «апетыты» на крэдыты

Попыт малога і сярэдняга бізнесу на крэдыты за 10 месяцаў 2023 года вырас больш як на 45%, паведамляе Міністэрства эканомікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 24 траўня 2022 года. Фота: Белсат

«Пры гэтым аб’ём выдзеленых крэдытаў пад перспектыўныя праекты малога і сярэдняга бізнесу ўшчыльную наблізіўся да адзнакі ў 40 млрд рублёў», – гаворыцца ў паведамленні.

Па дадзеных ведамства, «таму спрыяла мэтанакіраваная палітыка ўрада па павышэнні даступнасці капіталу для такіх ініцыятыў». «Так, сярэдняя працэнтная стаўка для субʼектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) у параўнанні з чэрвенем мінулага года знізілася больш як у два разы», – зазначае Мінэканомікі.

Сярод лідараў у атрыманні крэдытаў на дзейнасць малога бізнесу субʼекты, занятыя ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлі, будаўніцтве, фінансах.

За той жа перыяд 2022 года, паводле дадзеных міністэрства, субʼектам МСП было прадастаўлена 27200000000 рублёў у выглядзе крэдытаў. Пры гэтым крэдытаванне ўсіх субʼектаў эканомікі за 10 месяцаў мінулага года склала 81,6 млрд, за аналагічны перыяд гэтага – 106,2 млрд.

Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык на онлайн-брыфінгу 20 кастрычніка заявіў, што «калі грашова-крэдытная палітыка не будзе ўзмацняцца жорсткасць, гэта прывядзе «да назапашвання істотнага інфляцыйнага навеса і можа выліцца ў маштабны інфляцыйны ўсплёск, паслабленне курсу, неабходнасць узмацнення грашова-крэдытнай палітыкі».

Запазычанасць беларусаў за крэдыты пабіла рэкорд. Вось чым гэта небяспечна

СП, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны